Адкрытыя міжабласныя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце, прысвечаныя памяці контр-адміралаў Канаржэўскіх, прайшлі ў Маладзечне 26-28 кастрычніка.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” сустракаў 12 камандаў з Мінска, Маладзечна, Вілейкі, Слуцка, Салігорска, Фаніпаля, а таксама Гродна і Навагрудка. Сярод 61 спартсмена вылучалася прадстаўніца мінскай каманды “Палац-1” Вольга Ермакова, і не толькі тым, што была адзінай дзяўчынкай, але і сваім вынікам − трэцяе месца ў класе Е-600.

Таксама адзначылі братоў Алега і Паўла Койпішаў з Салігорска. На пару яны атрымалі пяць медалёў. Алег стаў пераможцам у класе стэндавых мадэляў і Е-900. Свой мінаносец “Мэн” ён будаваў два гады. Удалае выступленне братоў прынесла камандзе Салігорска трэцяе месца.

Арсень Варабей.

Павел Койпіш.

Цягам трох гадоў каманда маладзечанцаў была пераможцай, але сёлета яны саступілі першынство Слуцку. Другое месца ў класе падводных лодак заняў наш спартсмен Антон Троцкі. З гэтай мадэллю ён не ўпершыню ўдзельнічае ў спаборніцтвах, і гэта не лепшы яго вынік. У верасні юнак заняў другое месца ў Кубку Беларусі “Залатая восень-2013” і выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Цяпер ён плануе пабудаваць яшчэ адну падводную лодку, толькі большых памераў.  

Два медалі заваяваў 11-гадовы Арцём Шахно. Ён займаецца стэндавым мадэлізмам з  пяці гадоў, і за гэты час стварыў больш за 20  мадэляў караблёў, самалётаў, танкаў і іншай тэхнікі. Сярод  іх ёсць любімая − авіяносец “Німец”, з якім ён стаў пераможцам ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залаты стапель-2013”. Да гэтай справы  хлопчыка далучыў бацька, Віталь Шахно, які кіруе гуртком у “Маладзіку”.

Самы малады  ўдзельнік спаборніцтваў – 9-гадовы маладзечанец Антон Марцінкевіч. Ён вельмі ўдала выступіў. Аднак яму трохі не хапіла да прызавога месца. За хлопчыка вельмі рады яго кіраўнік Мікалай Хрэшчык, а таксама яго бацька, які калісьці займаўся тэхнічнай творчасцю, а цяпер прывёў сына на заняткі да свайго былога педагога.

У наступны раз спартсмены збяруцца ў Маладзечне вясной на адкрытым чэмпіянаце Мінска і Мінскай вобласці на адкрытай вадзе.

Арцём Шахно.

Аліна ЛІТВІНЕНКА, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота Кацярыны ПІЛЬНІК.