Свята працаўнікоў вёскі і міжнародны эканамічны форум “Паўночны вектар Гродзеншчыны” пройдуць у адзін дзень, у пятніцу, 15 лістапада. 

З праграмай свята знаёміць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская:

− Хачу трохі паправіць: “Дажынкі” − гэта ўмоўная назва. Правільна будзе сказаць: свята, прымеркаванае да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Яно адбудзецца ў пятніцу, у канферэнц-зале Ашмянскага райвыканкама. Урачыстае адкрыццё запланаванае на 14 гадзін.

У канцэртнай праграме возьмуць удзел арт-група “Беларусы”, тэатр Кустава, выступяць лепшыя калектывы вобласці, удзельнікі агляду-конкурсу аматарскіх калектываў “Фарбы творчасці Прынёманскага краю”.

Нагадаю, што паралельна са святам адбудзецца чацверты міжнародны эканамічны форум “Паўночны вектар Гродзеншчыны”.

− У гэтым годзе праграма выставы будзе працаваць іначай, − гаворыць намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама па пытаннях эканамічнага развіцця Галіна Люткоўская, − калі ў мінулым годзе мы прадстаўлялі ўсе прадпрыемствы, то цяпер на выставе будуць тыя, што прапаноўваць новыя віды прадукцыі, іх звыш дзесяці.

Сёлета форум будзе працаваць па трох накірунках: супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, энергетыкі і альтэрнатыўных відаў паліва; супрацоўніцтва ў сферы транспарту, лагістыкі, гасцінічнага і прыдарожнага сэрвісу; трансгранічнае супрацоўніцтва ў рамках еўрапейскіх праграм.

У выставе возьмуць удзел дэлегацыі з Польшчы, Літвы, Славакіі, Расіі.

Наталля ТУР.

Фота www.vluki.ru