Дабрачынны канцэрт адбыўся ў Вілейскім Палацы культуры 29 кастрычніка. Выступалі вядомыя землякі: экс-саліст ансамбля “Песняры” Валерый Скаражонак разам з групай “Браты-славяне” (Сяргей Скаражонак і Міхаіл Ермаковіч).

Група гэтая не так даўно прадстаўляла  Вілейку ў тэлевізійным шоу “Спяваючыя гарады”.

– Білеты распрадалі яшчэ за два дні да пачатку канцэрта. Гледачоў быў поўны зал, – кажа намеснік дырэктара Вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо. – Канцэрт віляйчанам спадабаўся. Артысты спявалі як аўтарскія песні, так і тыя, якія палюбіліся ўжо слухачам.

Ад продажы білетаў сабралі больш як 9 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Накіруюць іх на прасоўванне ідэй руху Чырвонага Крыжа, правядзення мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, набыццё падарункаў для дзяцей-інвалідаў, людзей, якія пражываюць у Куранецкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду ў Іжы. Пра гэта паведаміла старшыня Вілейскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Лях.

Падчас мерапрыемства ўзнагародзілі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія дапамагаюць Чырвонаму Крыжу. Адзначылі таксама замежных гасцей: прадстаўнікоў прыходу Евангелісцкай царквы Оберхаўзена ў Германіі. Ён ужо больш за 20 год аказвае гуманітарную дапамогу Вілейскай школе-інтэрнату і мясцовай арганізацыі Чырвонага Крыжа. На канцэрце госці з Нямеччыны агучылі прапанову Чырвонага Крыжа з Оберхаўзэна аб супрацоўніцтве з вілейскай раённай арганізацыяй.

Гэта ўжо чацвёрты падобны канцэрт, – расказала Святлана Лях. – Летась выступала Надзея Мікуліч. Тады ад продажы білетаў выручылі амаль сем мільёнаў рублёў. Больш за палову з іх накіравалі на дапамогу ў лячэнні Пеці Надточага з Вілейкі. Таксама набылі фотаапарат для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку, куплялі навагоднія падарункі для дзяцей-інвалідаў да Новага Года, выдаткавалі на іншыя добрыя справы. Будзем працягваць арганізоўваць такія канцэрты і надалей. Дзякуй усім людзям, якія прыйшлі на канцэрт і тым самым унеслі ўклад у дабрачыннасць. Асаблівая ўдзячнасць артыстам-землякам – іх таксама наша абласная арганізацыя ўзнагародзіла на канцэрце. Зычылі ім, каб жаданне рабіць дабро суправаджала іх доўгія гады жыцця. 

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Яўгенам ЛЯХАМ.