Першага снежня Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Мы запыталіся ў маладзечанцаў, ці актуальная праблема СНІДу для Беларусі?

Раман Зубачоў, школьнік:

− Праблема вельмі актуальная, таму што да сённяшняга дня гэту хваробу не перамаглі. А калі лекаў не знойдзена, праблема застаецца.

 Андрэй Капко, майстар па рамонце і абслугоўванні аргтэхнікі:

− Па-першае, СНІД − гэта хвароба. А калі чалавек захварэе, з хваробай змагаецца.

Яніна Дзюшкевіч, работніца сталовай:

− Праблема СНІДу актуальная толькі для людзей, што вядуць разгульны лад жыцця, для тых, у каго шмат грошай. А ў тых, хто жыве ад капейкі да капейкі, іншыя праблемы. СНІДам яны не захварэюць.

Галіна Пракаповіч, рэнтген-лабарант:

− Вельмі актуальная праблема. У цяперашняй моладзі больш вольныя погляды на сямейнае жыццё, меншая адказнасць за свае ўчынкі, усёдазволенасць. Таму пра СНІД трэба гаварыць.

 Наталля Кулікова, былая выкладчыца музычнага каледжа:  

− Чаму для нашай краіны? Праблема СНІДу актуальная для ўсяго свету. Няма розніцы Афрыка, Амерыка ці Беларусь, СНІД − гэта пагроза і праблема!

Ігар Катковіч, слесар-наладчык:

− Я да гэтай праблемы адносін не маю. І лічу яе неактуальнай.

Уладзімір Дзядзькоў, майстар:

− Канешне, праблема актуальная. Сучаснай моладзі трэба нагадваць і нагадваць пра праблемы СНІДу. І інфармацыя пра гэта павінна быць даступная ўсім.

 Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.