З часам забываюцца героі, імёны тых, хто жыве побач з намі. Новыя часы і новыя стасункі дыктуюць сваё. Вось аб адным з герояў я вырашыў напісаць і сказаць: “Вялікі Вам дзякуй за тое, што Вы такі, як ёсць, – “чалавечны чалавек”.

/* Style Definitions */
table.MsoNormalTable
{mso-style-name:”Обычная таблица”;
mso-tstyle-rowband-size:0;
mso-tstyle-colband-size:0;
mso-style-noshow:yes;
mso-style-parent:””;
mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt;
mso-para-margin:0cm;
mso-para-margin-bottom:.0001pt;
mso-pagination:widow-orphan;
font-size:10.0pt;
font-family:”Times New Roman”;
mso-ansi-language:#0400;
mso-fareast-language:#0400;
mso-bidi-language:#0400;}

Гэта Уладзімір Міхайлавіч Калачык, Герой Сацыялістычнай Працы, двойчы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, двойчы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, член ЦК КПБ, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна за №1.

Зайздросціў тым, хто хадзіў у школу

13-гадовым падлеткам ён застаўся без маці, а праз чатыры гады пахаваў і бацьку. Ён быў старэйшы ў сям’і, і ўсе клопаты аб братах Веніяміну і Сцяпану і малодшай сястрычцы Ніне ляглі на яго плечы. Трэба было весці гаспадарку, а тым часам ішла вайна.

Толькі тры гады ён правучыўся пры немцах у пачатковай школе, а потым самастойна давучваўся далей. Хлопча моцна хацеў вучыцца, як і іншыя дзеці, якія мелі бацькоў.

З зайздрасцю глядзеў, калі яны ішлі ў школу і вярталіся дадому.

Ужо тады ён ведаў, што трэба абавязкова атрымаць адукацыю. Настаўнікі пайшлі яму насустрач: тлумачылі матэрыял, давалі заданні на дом. Ён прыходзіў у школу ў вольны час і адказваў вывучаныя ўрокі (накшталт вучобы экстэрнам).

Шмат сіл і часу займала індывідуальная гаспадарка. Меў шэсць гектараў зямлі, каня, дзве каровы, дробную рагатую жывёлу. Даводзілася зарабляць на хлеб у моцных мужыкоў, якія вучылі хлопца весці гаспадарку, перадавалі свой досвед. Ім падабаўся характар Уладзіміра, яго гаспадарлівая жылка, кемлівасць, працавітасць.

Пасляваенны час быў вельмі складаны. Не было дзе жыць, цесна, голад, холад. У Мароськах са 150 хат засталося толькі пяць − астатнія спалілі немцы.

Стану старшынёй − увяду грашовую аплату

Пачалася калектывізацыя, Калачыкі ўступілі ў калгас. Уладзіміра абралі ўчотчыкам, пасля брыгадзірам. Салдаты, якія вярнуліся пасля страшнай вайны, не за страх, а за сумленне працавалі ў калгасе, атрымліваючы жабрацкую аплату натурай за работу. Тэхнікі не было. Касілі, жалі, аралі і сеялі ўручную. На працадні давалі крыху больш за два мяшкі збожжа, якога не хапала да новага ўраджаю. Выручала ўласная гаспадарка. Але і тут даводзілася працаваць ад цямна да цямна.

Хлопец разумеў, наколькі несправядлівай была аплата ў параўнанні з фізічнымі затратамі.

У той час існавалі саўгасы, у якіх выплачвалі грошы, хай сабе і невялікія. Таму ўжо тады ён вырашыў, што калі стане старшынёй, то абавязкова ўвядзе грашовую аплату. Таму і паставіў сабе задачу: вучыцца.

Уладзімір атрымаў накіраванне на вучобу ў Ашмянскую сельгасшколу, у якой рыхтавалі будучых старшыняў калгасаў. Вучобу ён паспяхова закончыў. 26-гадовым маладзёнам яго абралі старшынёй калгаса. І першым у рэспубліцы менавіта ён перайшоў на грашовую аплату працы. Але дзе ўзяць грошы? Вырашылі вырошчваць лён, беларускае “блакітнае золата”. На яго вырошчванне даводзілася затрачваць шмат ручной працы: праполваць, убіраць лён, мяць саломку і іншае. Для гэтай працы стварылі сем звенняў па 7-8 чалавек.

− Жанчыны тады працавалі, як салдаты, − прыгадвае Уладзімір Міхайлавіч. − Але пасля ўбачылі, што лён спусташае зямлю, і вырашылі вырошчваць бульбу. Трэба было вывучыць перадавы досвед і навучыць спецыялістаў набыць добрыя гатункі. Пачалі рыхтаваць спецыялістаў, ездзіць на вучобу ў дзяржсортаўчастак, іншыя гаспадаркі. І справа пайшла.

Сам старшыня паехаў вучыцца ў Гродна, таму што за плячыма была толькі сямігодка. Пасля ён скончыў акадэмію, аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю. “І ўсё без адрыву ад вытворчасці”, − гаворыць ён.

У 1956-57 гадах працаваў сакратаром Маладзечанскага райкама камсамола. Нечакана выклікае яго першы сакратар Маладзечанскай вобласці Сяргей Прытыцкі і прапануе прыняць калгас “Светлы шлях” у вёсцы Заскавічы замест Мікалая Чаркашына, які адмовіўся пераязджаць у калгас.

Лідзія Калачык на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

“Светлы шлях” – пачатак слаўнай біяграфіі

Раз партыя сказала “трэба”, камсамол адкажа “ёсць”. Калгас быў утвораны ў 1948-49 гадах. А ў 1953 годзе на базе сямі дробных гаспадарак арганізавалі адну пад назвай “Светлы шлях”. У 1978 да яго далучылі частку зямель калгаса “Чырвоны луг” (Маркава).

Уладзімір Калачык у 1962 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Прапанавалі пасаду сакратара райкама партыі − адмовіўся ад заманлівай прапановы.

У гэты час першыя асобы рэспублікі заўважылі маладога старшыню, таму што добрыя вынікі яго дзейнасці былі відавочныя.

Да яго ўраджайнасць была каля пяці цэнтнераў з гектара, 80 цэнтнераў бульбы, 8 цэнтнераў мяса, 51 малака. У 1975 − 34 цэнтнеры збожжавых, 202 бульбы. За поспехі ў развіцці сельгаспрадпрыемства ў дзявятай пяцігодцы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Дагэтуль можна пачуць, што Калачыку стварылі ўсе ўмовы, дапамагалі вышэйшыя эшалоны ўлады. Лухта. Трэба было даказаць на справе, чаго варты кіраўнік гаспадаркі.

Упершыню я ўбачыў Уладзіміра Міхайлавіча ў 1956 годзе, калі служыў у Маладзечне, а ён быў сакратаром райкама камсамола. Я ведаю яго як творчага чалавека, які ўмее бачыць перспектыву і добра ведае сельскую гаспадарку. Ён усяго дамагаўся сам, не выпрошваў, а сам знаходзіў рашэнні складаных пытанняў.

 Пётр Міронавіч Машэраў уважліва сачыў за кар’ерай маладога старшыні, прыкладна два разы на год бываў у калгасе “Светлы шлях”. Я запомніў адзін такі візіт. Я тады працаваў начальнікам піянерлагера “Арлёнак”, які знаходзіўся непадалёк ад вёскі Вяжуці. У канцы 70-х у сельскай гаспадарцы пачалося будаўніцтва буйных свінакомплексаў па італьянскім праекце, адзін з іх будавалі ў Вяжуцях. Але не было дарогі, а толькі разбітая ад вёскі Конавічы да Вяжуцяў.

 Але яна з’явілася літаральна за чатыры дні да прыезду Машэрава − тры кіламетры гравійкі. Працу асабіста кантралявалі сакратар РК КПБ Быкоўскі, старшыня райвыканкама Давыдоўскі. А цяпер? Цяпер гэтай дарогі няма.

33 гады жыцця – усё дзеля калгаса

Поспехі калгаса ў вырашэнні пытанняў вытворчасці сельгаспрадукцыі здзіўлялі нават замежных гасцей. У гаспадарцы, дзе да прыходу Уладзіміра Міхайлавіча, збіралі пяць цэнтнераў з гектара, пачалі збіраць 40 цэнтнераў!

Аднак не менш здзіўляла вырашэнне і сацыяльных праблем. Былі пабудаваныя дамы сядзібнага тыпу, каб была магчымасць весці ўласную гаспадарку, а таксама гандлёвы цэнтр з магазінамі, сталовая-рэстаран, Дом культуры і шмат чаго яшчэ.

Цяпер цяжка паверыць у тое, што на месцы вёскі Заскавічы некалі былі балоты. Але шчодрая дапамога дзяржавы ды працавітыя рукі сялян ператварылі іх ва ўрадлівыя землі.

Вялікае значэнне Уладзімір Міхайлавіч надаваў адукацыі. У калгасе працавалі каля 60 спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, сярод іх 10 чалавек − калгасныя стыпендыяты, 37 чалавек вучыліся без адрыву ад вытворчасці. За працоўныя поспехі 60 чалавек былі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР, 96 – медалямі ВДНГ СССР.

Працаваў у калгасе і Герой Сацыялістычнай Працы Аляксей Раманавіч Бобрык, брыгадзір чацвертай комплекснай брыгады калгаса “Светлы шлях”.  Палі гэтай брыгады адрозніваліся не толькі высокай ураджайнасцю, але і культурай земляробства.

Пётр Машэраў не раз браў Уладзіміра Калачыка ў працоўныя паездкі па ўсім Савецкім Саюзе і за мяжу. У такіх паездках Уладзімір Міхайлавіч вывучаў дасягненні іншых гаспадарак, каб укараніць іх у сябе.

Пётр Машэраў не раз быў госцем сям’і Калачыкаў. Жонка Уладзіміра Міхайлавіча Лідзія Васілеўна частавала госця сваімі агуркамі, тварагом, мёдам.

Пазнаёміўся Уладзімір Міхайлавіч са сваёй  жонкай у Лебедзеве. Працавала яна заатэхнікам у калгасе. Сыгралі вяселле, Лідзія Васілеўна нарадзіла двух сыноў: Уладзіміра і Ігара. Сам Уладзімір Міхайлавіч не раз гаварыў, што яму вельмі пашанцавала з такой спадарожніцай жыцця.

33 гады жыцця Уладзімір Міхайлавіч прысвяціў свайму дзецішчу − калгасу “Светлы шлях”. Шмат чаго было зроблена за гэтыя гады. Створаныя ўсе магчымасці для далейшага развіцця калгаса, падрыхтаваная цэлая плеяда добрых спецыялістаў. Уладзімір Міхайлавіч аберагаў духоўныя каштоўнасці, аднавіў цэрквы ў вёсцы Лебедзева, Беніца, нанова адбудаваў цэрквы ў Мароськах і Заскавічах. Пакінуў аб сабе добрую памяць сваімі чалавечымі адносінамі да людзей.

12 кіраўнікоў  калгаса пасля Уладзіміра Калачыка

Сёння чамусьці забытыя слаўныя традыцыі калгаса “Светлы шлях”. Прыбралі шыльду, быццам не існавала такой гаспадаркі. 12 кіраўнікоў  змянілася за гэты час, але становішча калгаса, на жаль, не змянілася.

Вы, магчыма, мне запярэчыце: цяпер іншыя часы. Так, іншыя. Але ва ўсе часы былі і будуць людзі, якія хочуць працаваць і, зразумела, атрымоўваць за гэта годныя грошы. Дзе цяпер такія гаспадаркі? А ў памяці жыве ўсё лепшае, што было ў калгасе “Светлы шлях”. А шыльду, усё ж такі, трэба вярнуць на месца.

Валеры КАЧАРГІН, вёска Лебедзева Маладзечанскага раёна.

Фота забяспечана Валерыем Качаргіным.

/* Style Definitions */
table.MsoNormalTable
{mso-style-name:”Обычная таблица”;
mso-tstyle-rowband-size:0;
mso-tstyle-colband-size:0;
mso-style-noshow:yes;
mso-style-parent:””;
mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt;
mso-para-margin:0cm;
mso-para-margin-bottom:.0001pt;
mso-pagination:widow-orphan;
font-size:10.0pt;
font-family:”Times New Roman”;
mso-ansi-language:#0400;
mso-fareast-language:#0400;
mso-bidi-language:#0400;}