Калі бацькі даведваюцца пра інваліднасць свайго дзіцяці, у іх пачынаецца жыццё, дзе скрозь і побач узнікаюць моцныя эмацыйныя перажыванні і складаныя выбары.

Спачатку бацькі могуць разгубіцца, адчуць сябе адзінокімі, без ведання, што рабіць і дзе шукаць дапамогу і разуменне. Адны сем’і робяць крок назад, паглыбляюцца ў сваю праблему, замыкаюцца, адгароджваюцца ад свету. Іншыя – знаходзяць падтрымку ў падобных сем’ях, арганізацыях. Толькі ад сям’і залежыць, ці зможа яна зрабіць “два крокі наперад”.

Калі нарадзілася нездаровае дзіця. Непрыняцце

Першая рэакцыя: “Гэта не магло здарыцца са мной”. Яна хутка змяняецца злосцю, магчыма, на дактароў, якія сказалі вам пра такую страшную навіну. Інваліднасць дзіцяці  можа паўплываць на адносіны паміж мужам і жонкай, з дзядулямі і бабулямі, з іншымі важнымі для сям’і сваякамі.

Злосць – наймацнейшае пачуццё, праз якое праходзяць усе. Яна ідзе ад вялікага гора і велізарнай нечаканай страты, якую немагчыма патлумачыць, перамагчы.

Страх

Людзі баяцца невядомасці. Калі яны ведаюць, што будзе з дзіцем потым, палохае іх менш, чым невядомасць. Паўстаюць пытанні: якім будзе дзіця ў пяць, дванаццаць, дваццаць адзін год? Што з ім будзе, калі я памру? Потым прыходзяць іншыя: ці зможа ён вучыцца, скончыць каледж? Ці зможа ён кахаць, смяяцца, рабіць усё то, пра што вы марылі?

Многія пытанні, на якія няма адказу, параджаюць страх. Бацькоў палохае, што стан дзіцяці можа быць самым горшым з усіх магчымых. Ёсць страх, што грамадства не прыме іх, што ў сям’і больш не з’явіцца дзіця. З’яўляюцца сумненні, а ці будзе муж  (жонка) любіць гэта дзіця.

Віна

Бацькі шукаюць у гэтым сваю віну: я за штосьці пакараная? Я недастаткова сачыла за сабой падчас цяжарнасці?

Некаторыя звяртаюцца да рэлігіі, бачаць у гэтым кару Божую.

Замяшальніцтва

Яно ідзе ад таго, што бацькі не да канца разумеюць, што адбываецца і што адбудзецца. Ад яго з’яўляюцца бяссонніца, няздольнасць прыняць рашэнне, эмацыйная перагружанасць.

Бяссілле

Бацькі не могуць змяніць таго, што дзіця – інвалід. Аднак ім трэба адчуць, што яны могуць справіцца са сваімі жыццёвымі праблемамі.

Расчараванне

Тое, што дзіця інвалід, чапляе бацькоў і кранае іх сістэму каштоўнасцяў. Гэта пачуццё можа прывесці да таго, што бацькам здасца, што яны не могуць прыняць дзіця як паўнацэннага чалавека, асобу.

Зноў непрыняцце

Адзін з самых моцных бакоў непрыняцця сітуацыі, добра, што такое сустракаецца рэдка, – пажаданне смерці дзіцяці. Гэта прыходзіць да бацькоў, якія знаходзяцца ў глыбокай дэпрэсіі.

У час, калі бацькі моцна перажываюць, калі іх сэрцы перапаўняюць розныя пачуцці, важна ведаць, што яны не адны, што ёсць людзі, якія гатовыя дапамагчы.

Рэкамендацыі бацькам, якія даведаліся, што дзіця – інвалід

Шукайце дапамогі ў іншых бацькоў

Прасіце іх дапамагчы. Існуе шмат арганізацый і груп бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.

Размаўляйце з вашай сям’ёй і іншымі значнымі для вас людзьмі. Часам муж і жонка не дзеляцца пачуццямі, якія ўзнікаюць у іх праз праблему дзіцяці. Яны не могуць падтрымаць адзін аднаго. Праз размову ў цяжкія часы пары становяцца мацнейшыя.

Калі ёсць іншыя дзеці, размаўляйце і з імі таксама, не забывайце пра іх. Калі вы адчуваеце сябе спусташонымі і не можаце ўдзяліць увагу іншым сваім дзецям, то знайдзіце ў вашай сям’і чалавека, які на час возьме на сябе гэтыя абавязальцельствы.

Жывіце сёння

Думкі пра будучыню могуць паралізаваць вас. Трэба адкінуць пытанне: а што будзе заўтра? Гэта можа здацца неверагодным, але добрыя рэчы пачнуць адбывацца з вамі кожны дзень.

Вывучыце тэрміналогію

Калі вы сутыкаецеся з новай тэрміналогіяй, то не бойцеся даведвацца сэнс новых слоў. Калі падчас размовы хтосьці ўжывае незразумелае вам слова, то спыніце размову і папрасіце патлумачыць, што гэта значыць.

Шукайце інфармацыю

Галоўнае – шукаць дакладную праўдзівую інфармацыю. Не бойцеся задаваць пытанні, але правільна іх фармулюйце. Добра, калі перад сустрэчай вы напішаце іх. Запісвайце і дадатковыя, што ўзнікаюць падчас размовы.

Прасіце копіі ўсіх дакументаў і запісаў пра ваша дзіця ў дактароў, педагогаў, іншых спецыялістаў. Набудзьце папку, дзе будуць захоўвацца ўсе дакументы, звязаныя з дзіцем.

Не дазваляйце сябе запалохваць

Не палохайцеся прафесіяналізму тых, хто займаецца з вашым дзіцем. Вы маеце права ведаць усё, што адбываецца. Не бойцеся паказаць свае пачуцці. Многія бацькі, асабліва таты, душаць свае пачуцці, бо ім здаецца, што тады яны будуць выглядаць слабымі.

Вучыцеся спраўляцца з пачуццём горычы і злосці. Аптымізм – лепшы сродак ад праблем. Бачанне чагосьці добрага змяншае боль ад дрэннага.

Будзьце рэалістамі

Быць рэалістам, значыць разумець, што ў жыцці ёсць рэчы, якія мы можам змяніць. Быць рэалістам, значыць, таксама разумець, што ў жыцці ёсць рэчы, якія мы не можам змяніць. І трэба разумець, што мы можам змяніць, а што не.

Памятайце, што час іграе на вас

Час сапраўды лечыць. Не будзе лёгка, але з часам шмат праблем вырашыцца.

Памятайце пра сябе

Дастаткова адпачывайце, ешце так добра, як зможаце, выходзьце з дома і размаўляйце з людзьмі, якія могуць вас падтрымаць.

Пазбягайце шкадавання

Інвалідам дзіця робіць ваша і іншых шкадаванне. Шкадаванне – не тое, што вам трэба. Вам неабходна хутчэй спачуванне.

Вырашыце, як рэагаваць на тых, хто побач

Памятайце, што многія проста не ведаюць, як весці сябе пры сустрэчы з інвалідам. Вырашыце для сябе, як рэагаваць на пільныя позіркі, пытанні. Не аддавайце энергію на перажыванні з-за непрыемных вам рэакцый чужых людзей.

Памятайце, што гэта ваша дзіця

Гэта ваша дзіця. І гэта самае галоўнае. Можа быць, яго развіццё будзе адрознівацца ад развіцця іншых дзяцей, але гэта не азначае, што ён менш паўнавартасны і мае менш патрэбы ва ўвазе і любові.

Любіце сваё дзіця і атрымоўвайце задавальненне ад яго. Ён – індывідуум, памятайце пра гэта. Паспрабуйце рабіць пазітыўныя крокі насустрач дзіцяці, вам абаім гэта будзе карысна. І вы навучыцеся думаць пра будучыню з надзеяй.

Алена КАМІСАРУК, псіхолаг Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Фота strana.ru, xsp.ru, mk.ru, gallery.forum-grad.ru, infpol.ru