Вынікі рэспубліканскага конкурсу “Ты ў эфіры!” падвялі ў Мінску 27 лістапада.

Конкурс дзіцячых і моладзевых ініцыятыў даваў шырокія магчымасці для творчасці. З шасці прапанаваных намінацый юныя журналісты з “Маладзіка” прынялі актыўны ўдзел у чатырох. Мы падрыхтавалі інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, зрабілі фотаздымкі нашага горада, знялі відэафільм пра дзейнасць маладзечанскага моладзевага парламента.

Аднак найбольш паспяховай для нас стала намінацыя “Жывая старонка”: газету “Маладзік” адзначылі дып­ломам першай ступені.

− Работы ўдзельнікаў ацэньвалі дасведчаныя журналісты, і для нас вельмі значна атрымаць ад іх прыемныя водгукі. Як адзначыла журы, наша газета была па-за канкурэнцыі, − дзеліцца ўражаннямі Ксенія Рагель.

Аліна Літвіненка ўзнагароджаная спе-цыльным прызам газеты “Переходный возраст” за эсэ “Шпацыр з філасофскім настроем”. Калі іншыя ўдзельнікі пісалі пра самыя знакамітыя славутасці свайго горада, то Аліна надала ўвагу малавядомым, але блізкім ёй куточкам.

Конкурс “Ты ў эфіры!” быў прысвечаны ініцыятыве ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, якая арганізаваная з мэтай развіцця дзіцячага самакіравання, валанцёрскага руху і рэалізацыі сацыяльных праектаў для дзяцей і моладзі. За чатыры гады да гэтай ідэі далучыліся 22 гарады нашай краіны, у тым ліку і Маладзечна.

Лідэры, члены дзіцячых парламентаў, і юныя журналісты з усіх гэтых гарадоў з’ехаліся ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на рэспубліканскі семінар. Найбольш актыўным удзельнікам ініцыятывы і конкурсу, сярод якіх быў і “Маладзік”, далі слова для прэзентацыі досведу работы. А самай карыснай і запамінальнай падзеяй для нас сталі майстар-класы вядомых журналістаў друкаваных СМІ і радыё.

Юлія СТРЫГА, навучэнка школы журналістыкі “Маладзік”.

Фота забяспечана Наталляй ШУЛЬЖЫЦКАЙ.