У рэдакцыю прыйшоў водгук на артыкул “Дзе ў Маладзечне можна выкінуць выкарыстаныя батарэйкі? І чаму іх нельга выкідаць проста ў сметніцу?”

Прачытаў артыкул пра адпрацаваныя батарэйкі – куды можна выкідваць, а куды нельга. У мяне ёсць меркаванне на гэту праблему. Правільна было б, каб людзей заахвочваць да збору адпрацаваных батарэек. Напрыклад, за пяць выкарыстаных батарэек даваць адну–дзве новыя. Гэта зацікавіць людзей несці адпрацаваныя батарэйкі ў спецыяльныя кантэйнеры.

Я неяк у двары каля смеццевага кантэйнера заўважыў кінутыя на зямлю батарэйкі. Налічыў адзінаццаць штук. Колькі тут прайсці да ўнівермага ад нашага двара – плошчу перайсці. А калі чалавек жыве далёка ад месца ўстаноўкі кантэйнера для батарэек, то наўрад ці пойдзе: “Панясу я некуды батарэйкі за так. Лепш выкіну ў першую сметніцу”.

Тут можна ўспомніць словы вядомага старшыні калгаса Уладзіміра Калачыка аб тым, што за карысную справу павінны выдавацца бонусы. Дык вось, калі збор адпрацаваных батарэек – карысная справа, то за яе таксама павінны быць бонусы.

Міхаіл Бабічаў, Маладзечна.

Фота “РГ”.