Тэлефаную ў санаторый “Прыазёрны” (разлічаны ён на 440 месцаў).

– Прадаваць навагоднія туры пачалі з сярэдзіны верасня. І да пачатку лістапада ўсе яны былі забраніраваныя. Месцы з’яўляюцца толькі ў выпадку адмовы ад браніравання па ўважлівых прычынах, – кажа начальнік аддзела маркетынгу санаторыя “Прыазёрны” Сяргей Нехвядовіч.

На навагоднія святы адпачываць тут будзе больш расіян, чым беларусаў. Тлумачаць, што гэта ў многім абумоўлена тым, што ў беларусаў няма такіх доўгіх навагодніх канікулаў. Бо стандартны навагодні тур у “Прыазёрным” разлічаны на 12 дзён. Хаця кошты для беларусаў меншыя. У навагоднія святы дзень адпачынку з лячэннем абыдзецца для беларуса – ад 400 тысяч беларускіх, для расіяніна – ад 2050 расійскіх рублёў (па курсе – гэта каля 580 тысяч беларускіх).

Дарэчы, у праграме адпачынку ёсць Дзень беларускай культуры, дзе саломапляценню і бісерапляценню будуць вучыць Дзед Мароз са Снягуркай. Беларусы і расіяне могуць паспаборнічаць у спорце: запланаваны міжнародныя калядныя сустрэчы па шашках, шахматах і настольным тэнісе.  

І ў іншых здраўніцах навагоднія туры карыстаюцца папулярнасцю. Хто з устаноў прываблівае ніжэйшай цаной, хто – комплексам паслуг.

У Нацыянальным парку “Нарачанскі” могуць прапанаваць адпачыць у гасцінічным комплексе “Нарач” і ў гасцініцы аўтакемпінгу.

– Па стане на 19 снежня яшчэ было некалькі свабодных месцаў, – расказала начальнік аддзела турызму Людміла Краўчонак.

Тут навагодні тур сфарміраваны на дзевяць дзён, але можна адпачыць і менш. Каля 70 працэнтаў будзе расіян, астатнія – беларусы, некалькі чалавек з Літвы.

Спытаў Людміла Краўчонак, ці расце колькасць расійскіх турыстаў на Нарачы.

– На мой погляд, у апошнія два-тры гады ідзе пэўная стабілізацыя або нават памяншэнне колькасці расіян. Бо адпачынак у Беларусі становіцца даражэйшы. І калі раней на адпачынак прыязджалі і пенсіянеры (з багацейшых), то зараз – сярэдні клас.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

 Меркаванне ў тэму: Змяншэння цікавасці да беларускіх здраўніц з боку расіян у кампаніі “ЦэнтрКурорт” у гэтым годзе не адчулі, паведамляе tut.by. Хаця расійскія турфірмы, якія рэалізуюць навагоднія туры ў беларускія здраўніцы, заўважылі адваротнае.

Валерый Кіцель, генеральны дырэктар расійскай турыстычнай кампаніі “КРиСТ” кажа:

– Беларусь сама сабе капае яму тым, што ўсё вышэй падымае кошты. Народ пойдзе ў адкат, мы ўжо цяпер бачым, што ажыятажнага попыту, як было раней, – няма. Мы нарасцілі аб’ёмы ў параўнанні з мінулым годам, але цяпер прадалі толькі леташні аб’ём.

Ён кажа, што калі яны пачыналі раскручваць беларускія здраўніцы, для расійскіх турыстаў яны былі больш таннай альтэрнатывай здраўніцам сярэдняй паласы Расіі і Падмаскоўя. Цяпер цана практычна зраўнялася.