Пра мэту на сезон

– На выніковым сходзе кіраўніцтва Клуба вырашыла захаваць касцяк каманды і правесці кропкавае ўзмацненне складу. Што тычыцца мэты на сезон, то планка адназначна будзе павышана. Шостае месца для нас не мяжа: трэба заўсёды развівацца і ісці наперад. Канкрэтная задача будзе агучана бліжэй да сезону, бо зараз на эмоцыях можна і ў вышэйшую лігу захацець! Амбіцыі ёсць, але неабходна ўлічваць шматлікія складнікі футбола: фінансы, падбор футбалістаў, інфраструктуру і гэтак далей. Развіццё павінна ісці не толькі ў гульні асноўнай каманды, але і па іншых напрамках. Вялікім крокам наперад для смаргонскага футбола стане адкрыццё штучнага поля на стадыёне ДЮСШ-2. Гэта палегчыць трэніравальны працэс і нам, за што хацелася б выказаць падзяку старшыні райвыканкама Мечыславу Браніслававічу Гою і ўсім датычным да гэтага праекту людзям.

 Пра мясцовых выхаванцаў

– Калі мы ўжо загаварылі пра смаргонскі футбол, то раскажыце аб нашых выхаванцах і іх перспектывах у камандзе. Ці прапануюцца кантракты мясцовым футбалістам. Можа, Леанід Ковель вернецца пагуляць на малую радзіму?

– Што тычыцца Леаніда, то многія футбалісты заканчваюць там, дзе і пачыналі. Але мы жадаем Леаніду паспяховай гульні ў больш моцных лігах, таму сёння рана яму дадому! Але нават на прыкладзе Ковеля мы бачым, што ў Смаргоні могуць быць таленты. Далёка не трэба за прыкладамі хадзіць: Максім Яблонскі, хлопец 1996 года, ужо ў дэбютным для сябе сезоне ў першай лізе згуляў крыху менш за дзвесце хвілін у 12 матчах і вызначыўся галявой перадачай. Для яго толькі трэніроўкі з асноўнай камандай – вялікі плюс: і мы бачым, што пры добрай працы ён дадаў. Сяргей Бандарэнка быў у нас у арэндзе: ён пачаў амбіцыйна, але, як і ў многіх маладых футбалістаў, у яго здарыўся спад, які ён перажыў і выдаў некалькі добрых гульняў у канцоўцы. З нагоды яго перспектыў у нашай камандзе нічога не магу сказаць: футбаліст належыць ФК “Дынама-Мінск”. Акрамя таго, смаргонскі футбол прадстаўлялі ў сезоне-2013 Алег Попель, Вячаслаў Замара і, вядома ж, Уладзіслаў Дукса.

На сённяшні дзень мы актыўна працуем з маладзечанскага футбалістамі, бо нашы гарады падзяляюць ўсяго сорак кіламетраў і зручная лагістыка (добрая траса і чыгунка).

Таксама я абмяркоўваў перспектывы з Андрэем Чупрынскім і Захарам Захарэвічам. Андрэй вучыцца ў Мінску, з-за чаго яго ўдзел у трэніровачным працэсе абцяжараны. Але мы помнім пра яго, бо ён не будзе вучыцца ўсё жыццё. і Захар, і Андрэй ужо прыцягваліся на трэніроўкі асноўнай каманды ў мінулым годзе.

 Хто пакідае каманду

Па розных прычынах пакідаюць каманду Літвінчук, Шапятоўскі, Цюніс і Попель. А Уладзіслаў Дукса завяршае гульнявую кар’еру, але застаецца ў смаргонскім футболе, каб трэніраваць маладое пакаленне. Больш канкрэтная інфармацыя па трансферных пытаннях ( хто прыходзіць, хто сыходзіць) будзе вядомая да сярэдзіны студзеня.

 Пра бюджэт клуба

– Адзін з найбуйнейшых парталаў краіны, Goals.by, апублікаваў бюджэты футбольных клубаў першай лігі. Па іх інфармацыі , бюджэт ФК “Смаргонь” складае 700 000 долараў. Наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя?

– Не ведаю, як бы мякчэй гэта сказаць, але гэтая інфармацыя цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Лічба завышаная амаль у два разы, але за канкрэтыкай трэба звярнуцца да кіраўніцтва Клуба.

Паводле fc-smorgon.by

Фота fc-smorgon.by