Цэнтр створаны ў межах партнёрскага праекта “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў”, які рэалізуецца ў Беларусі Цэнтрам экалагічных рашэнняў пры фінансавай падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка.

– Якая асноўная мэта адкрыцця цэнтра? – запытаў у спецыяліста па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталлі Парэчынай.

– Гэта забеспячэнне інфармацыяй жыхароў раёна аб стане навакольнага асяроддзя і канкрэтна аб стане вады: як пітной, так і вады з вадаёмаў. Бо кожны чалавек карыстаецца вадой: і п’е, і купаецца, і мые бялізну. А ў залежнасці ад таго, якая вада, так і стан здароўя чалавека. У цэнтры людзі бясплатна могуць атрымаць адказы на пытанні: “Якую ваду мы п’ем? Як і дзе праверыць яе якасць? Ці можам мы паўплываць на чысціню прыродных вадаёмаў і калодзежаў?”

–  І любы чалавек сюды можа прыйсці?  

– Так. Менавіта для гэтага створаны цэнтр – каб спрасціць доступ людзей да інфармацыі, вызначэння праблемных момантаў. Тут навучаць правяраць ваду ў калодзежах і дадуць рэкамендацыі, як правільна іх уладкаваць. Чалавек можна атрымаць інфармацыю, нейкія кнігі, публікацыі паглядзець – і не толькі па пытаннях якасці вады.

Гэта другі падобны інфацэнтр у Беларусі – першы адкрыты у Шуміліне (Віцебская вобласць).

– Чаму выбралі Вілейку для адкрыцця цэнтра?

– Мы не выбіралі раёны, мы выбіралі людзей. Там, дзе яны больш актыўныя, там і адкрываем цэнтры. У нас адзіная умова, каб у праекце ўдзельнічалі не менш за 10 школ, а на Вілейшчыне ў нас больш.

Пра важнасць стварэння падобных інфацэнтраў сведчыць прыведзены ў выступленні Наталлі Парэчынай факт:

– Па выніках нашых даследванняў каля 70 працэнтаў прыватных калодзежаў забруджаны нітратамі звыш гранічна дапушчальных канцэнтрацый. 

Настаўнікаў, якія прыехалі на адкрыццё, папрасілі прывезці ваду з калодзежаў. І прадэманстравалі, як проста і хутка (за хвіліну) праводзіцца тэсціраванне на ўтрыманне нітратаў з дапамогай спецыяльных тэст-палосак. Вынікі паказалі, што вада з калодзежа ў Вілейцы добрая, а вось у трох калодзежах з вёсак Пагост і Куранец утрыманне нітратаў у вадзе ў некалькі разоў перавышае гранічна дапушчальную канцэнтрацыю. 

– Такая вада непрыгодная для піцця, прыгатавання ежы. І жывёлу ёй лепш не паіць, – падсумавала Наталля Парэчына. – Ёй можна толькі паліваць агарод, выкарыстоўваць для мыцця адзення…

Праўда, падкрэслівае спецыяліст, хоць гэтымі палоскамі шырока карыстаюцца ў Еўропе, але ў Беларусі яны не сертыфікаваны і не могуць быць падставай для выдачы даведак. Аднак праверыўшы ваду, чалавек будзе ведаць, ці ёсць у ёй павышанае ўтрыманне нітратаў і ўжо штосьці рабіць.

Пра тое, як рэагуюць вяскоўцы на вынікі даследвання вады ў калодзежах,  прыгадвала ў выступленні настаўніца Пагосцкага сада-школы Ганна Ляшковіч. Адных ніяк не пераканаць, маўляў, наша вада смачная. А некаторыя і задумваюцца, кажуць: “Будзем у Дзімы ваду браць. У яго добрая – правяралі”.

настаўніца Пагосцкага сада-школы Ганна Ляшковіч

У інфацэнтры таксама плануецца праводзіць семінары і трэнінгі для школьнікаў, настаўнікаў і ўсіх зацікаўленых асоб. Для яго абсталявання госці падаравалі ноутбук, кампактную лабараторыю для аналізаў вады, GPS-навігатар, стэнды, літаратуру.

Неўзабаве падобны цэнтр адкрыецца і ў Мядзелі.

Алесь ВЫСОЦКІ.  

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.