Што  рабіць, калі працадаўца звольніў з-за недастатковай кваліфікацыі?

Менавіта з такой прычыны звольнілі работніка адной з арганізацый раёна. Аднак работнік не пагадзіўся са звальненнем і аспрэчыў яго ў судзе.

Наймальнік абгрунтаваў звальненне так: работнік не быў падрыхтаваны да праверкі ўліку грошай, ухіляўся ад праверкі. Наймальнік таксама заўважыў парушэнні ў дакументах і пры выкананні службовых абавязкаў. Аднак якія менавіта парушэнні заўважыў, на ўдакладняе.

Падчас судовага паседжання наймальнік адзначыў, што работнік атрымаў па даверанасці маёмасць, якую потым не перадаў, як патрабавалася.

Суд пастанавіў задаволіць просьбу работніка і аднавіць яго на працы.

Наймальнік павінны выплаціць яму сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

У абгрунтаванні рашэння суд указаў, што падставай для звальнення стала няякаснае выкананне службовых абавязкаў, а таксама парушэнне працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Разам з тым, пералічаныя прэтэнзіі не даюць бясспрэчных падстаў сцвярджаць, што работнік не валодае дастатковымі навыкамі і адукацыяй.

Кваліфікацыю пацвярджае ВНУ

Суд зрабіў выснову, што дзеянні работніка наўмысныя і ён вінаваты. Але наймальнік не прымаў меры дысцыплінарнага ўздзеяння. Да таго ж наймальнік не правёў атэстацыю работніка, каб упэўніцца ў яго агульнай і спецыяльнай падрыхтоўцы. Ён прыняў да ўвагі, што звольнены мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Дыплом ВНУ дазваляе сцвярджаць, што работнік валодае дастатковай падрыхтоўкай.

Суду не прапанавалі ніякіх службовых запісак аб знойдзеных неадпаведнасці і памылках, актаў праверак кантралюючых органаў ці аўдытараў.

Прынятае судом рашэнне прайграўшы бок не абскарджваў, яно ўступіла ў законную сілу.

Фота tvojavesna.com .

Гэты прыклад пацвярджае, што закон варта прымяняць правільна, рознае тлумачэнне закона немагчымае. Нягледзячы на парушэнні, наймальнік своечасова на іх не адрэагаваў, а пасля звольніў работніка. У выніку яму давялося вярнуць чалавеку пасаду і выплаціць кампенсацыю за парушэнне працоўных правоў.

За што можна звольніць?

Адно з абгрунтаванняў скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка − неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе з-за недастатковай кваліфікацыі (пункт 3 артыкула 42 Працоўнага кодэкса). Спыненне дагавора з такой прычыны магчыма тады, калі віны чалавека ў недапрацоўках няма.

Калі чалавек мае прафесійную адукацыю, кваліфікацыю, навыкі і досвед працы − гэта дазваляе выконваць працу належным чынам.

Калі ж чалавек выконвае яе няякасна па сваёй віне, то разглядаць магчымасць скасаваць дагавор па гэтай прычыны нельга. У такім выпадку ўплываюць іншыя прычыны, напрыклад, з-за сістэматычнага невыканання без уважлівых прычын сваіх абавязкаў.

Недастатковую кваліфікацыю неабходна пацвердзіць аб’ектыўнымі дадзенымі і праўдзівымі доказамі: службовымі і дакладнымі запіскамі, актамі спісання браку, актамі праверак, заключэннямі спецыялістаў і іншымі дакументамі. Калі няма доказаў аб недастатковай кваліфікацыі, звольненага работніка адновяць на працы на яго пасадзе.

Дзяніс ГІРЛОЎСКІ, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фота allatv777.ru.