Ашмянец пазбаўлены свабоды за набыццё курыльнай сумесі, якую падзяліў з сябрам.

Здарэнне адбылося вечарам 14 кастрычніка. На Індустрыяльным праспекце ў мікрараёне Карані ў Смаргоні ён набыў пяць грамаў здробненага рэчыва расліннага паходжання. Яно ўтрымлівае асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Наркотык мужчына прывёз дадому і ў той жа вечар прадаў за адзін мільён рублёў 2,35 грама.

У яго засталося 2,65 грама, якія сам выкурыў у сваім гаражы.

Мужчына патлумачыў, што яго папрасіў знаёмы дапамагчы набыць для яго курыльную сумесь і даў мільён. Гэтыя грошы яму перадалі для правядзення аператыўна-вышуковага мера­прыемства − праверачнай закупкі. Мужчына звязаўся са знаёмым, спытаўся, ці мае сумесь, і паехаў па яе ў Смаргонь. У машыне той знаёмы перадаў яму скрутак паперы, сказаў, што сумесь добрай якасці. Яе не ўзважвалі, але прыкінулі, што пяць грамаў.

Пасля таго, як ашмянец перадаў сумесь першаму заказчыку, той добраахвотна перадаў наркотык аператыўным супрацоўнікам упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці.

Пакаранне змякчылі

Віну ашмянца пацвярджаюць матэрыялы справы: пратакол выдачы грошай для правядзення праверачнай закупкі, пратакол выдачы скрутка з рэчывам, пратаколы слыхавога кантролю размоў у гэты дзень.

Суд улічыў, што ашмянец здзейсніў асабліва цяжкае злачынства, якое цягне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці.

Аднак сукупнасць абставін суд палічыў магчымым прызнаць выключнымі: раскаянне, добраахвотны ўдзел у аператыўна-вышуковых мерапрыемствах. Яны прынеслі станоўчы вынік. Гэта дае падставы прызначыць пакаранне трохі мякчэйшым за ніжэйшую мяжу, прадугледжаную Крымінальным кодэксам.

Суд прыгаварыў  мужчыну вінаватым у незаконнай куплі з мэтай збыту, захоўванні, перавозцы і збыце асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва.

Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на шэсць год у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Асуджанаму 31 год. Нарадзіўся ў Смаргоні, працаваў у Ашмянах. Несудзімы. Жанаты, выхоўвае дваіх дзяцей.

Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Ашмянскага раёна.