Канцэрт клуба аўтарскай песні, прысвечаны 80-годдзю барда Юрыя Візбара, прайшоў у гімназіі № 10 у чацвер, 6 лютага.

Таленавіты бард, чые песні спяваюць ўжо паўстагоддзя, быў не толькі выдатным музыкантам, але і журналістам, альпіністам, кінаакцёрам, сцэнарыстам, драматургам. Нягледзячы на тое, што Юрыя Візбара ўжо больш за 20 гадоў няма з намі, яго песні і сёння часта гучаць на бардаўскіх вечарах.

Атмасфера сустрэчы была вельмі прыязнай і шчырай.  Не было нацягнутасці і пампезнасці, як гэта нярэдка бывае на канцэртах. Вядома ж, удзельнікі хваляваліся. Кідалі погляды, нібы шукалі падтрымкі адзін аднаго, а на сцэне бліскуча выступалі.

Дзмітры Руткоўскі з ансамблем гітарыстаў.

Дзмітры Руткоўскі з ансамблем гітарыстаў.

Наталля Паўлюшчык і Лізавета Варламава.

Наталля Паўлюшчык і Лізавета Варламава.

Вечар пачаўся з выступлення Дзімы Руткоўскага, які выконваў душэўную песню пра таварыша-лётчыка “Сярога Санін”. Яму апладзіравалі ўсе, настолькі гледачам спадабалася песня. Наступныя нумары слухачы ацэньвалі не менш бурна. Што ўжо казаць пра “Дамбайскі вальс”, які стаў візітоўкай бардаўскай песні. У выкананні Лізаветы Вар­ламавай ён прагучаў асабліва цікава. Далей выступалі ансамблі, і зноў госці былі зачараваныя. Бо ўсе творы Юрыя Візбара напоўненыя жыццёвай праўдай, велізарнай любоўю, светлымі эмоцыямі.

У канцы вечара слухачы спявалі разам з артыстамі, усміхаліся і паўтаралі знаёмыя фразы. Простыя, лёгкія, звычайныя, аптымістычныя словы быццам з’ядналі залу. Стваралася невыказнае пачуццё дружбы, надзейнасці, чакання лепшых перамен.

Гэту выдатную праграму падрыхтавалі два таленавітыя педагогі Наталля Паўлюшчык і Алена Нелюб. Дзякуючы гэтым людзям вучні гімназіі займаюць прызавыя месцы ў конкурсах, актыўна вывучаюць ігру на гітары і баяне, спяваюць песні і нястомна цягнуцца да музыкі. А як жа інакш? Бо накіроўваюць і фарміруюць наш густ менавіта настаўнікі.

Ансамбль пятых класаў.

Ансамбль пятых класаў.

Ансамбль шостых класаў.

Ансамбль шостых класаў.

Вядучыя канцэрта.

Вядучыя канцэрта.

Вікторыя Свянціцкая, Карына Шарык, Ксенія Чалапула, Кацярына Сліжык, Анастасія Мамай.

Вікторыя Свянціцкая, Карына Шарык, Ксенія Чалапула, Кацярына Сліжык, Анастасія Мамай.

Наталля Паўлюшчык.

Наталля Паўлюшчык.

Ганна АЛЕКСЯЕЎСКАЯ, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота Наталлі ПАЎЛЮШЧЫК.