Наведнікі абмяркоўвалі, ці можна давяраць вынікам даследаванняў на ўтрыманне нітратаў у калодзежнай вадзе, зробленых з дапамагай спецыяльных тэст-палосак.

Для прыкладу, адзін з каментатараў напісаў, што “палоскі ўжо прадавалі кааператары ў 90-х, вынік завышаны і няверны ў 50%. Палоскамі правяраць якасць наіўна…”

Каб больш даведацца пра тэст-палоскі, звярнуліся ў адну з арганізацый-удзельнікаў даследавання  – Магілёўскае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “ЭНДО”. Кансультантам выступіў старшы выкладчык кафедры хіміі Магілеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўнік аб’ яднання “ЭНДО” Андрэй Пахоменка:

– Тэст-палоскі, якія выкарыстоўваюцца ў нашым праекце, маюць адпаведны сертыфікат. Яны выраблены вядомай нямецкай фірмай merc , якая з’яўляецца адной з найстарэйшых фармацэўтычных кампаній ў Еўропе.

Тэст-палоскі выкарыстоўваюць мадыфікаваную рэакцыю Грыса, якая з’яўляецца стандартнай рэакцыяй для вызначэння нітратаў у вадзе. Гэта рэакцыя выкарыстоўваецца ў многіх лабараторыях, якія маюць акрэдытацыю – толькі там выкарыстоўваецца спектрафотаметрычны варыянт гэтага метаду. А тэст-палоскі дазваляюць атрымаць ацэначную характарыстыку сітуацыі. Для яе дастаткова выкарыстоўваць метады візуальнай каларыметрыі. Метад заключаецца ў візуальнай ацэнцы (гэта значыць, “на вока”) інтэнсіўнасці змены афарбоўкі рэакцыйнай зоны, якая залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў вадзе, якое вызначаецца. Такія варыянты метадаў нам вядомыя па тэст-палоскам на ўзровень глюкозы ў крыві, на цяжарнасць, па экспрэс-тэстам, якія дазваляюць вызначыць кіслотнасць раствору (“лакмусавая паперка”).

Калі падчас даследаванняў выкананыя патрабаванні інструкцыі, то дадзеныя тэст-сродкі дазваляюць дастаткова правільна паказаць наяўнасць забруджвання, і груба, прыблізна ацаніць канцэнтрацыю гэтага забруджвання.

Асноўная задача гэтага метаду – выявіць аб’екты, якія падлягаюць наступнаму больш пільнаму аналізу. Пасля атрымання выніку, блізкага да гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі або які перавышае яе, ёсць сэнс звярнуцца ў мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі для правядзення больш грунтоўнага аналізу. Але трэба разумець, што там не будуць праводзіць такія аналізы бясплатна.

У якасці прыкладу выкарыстання ацэначных вымярэнняў у побыце можна прывесці вымярэнне тэмпературы ў духоўцы. Звычайна яна вымяраецца досыць груба, вынікі вымярэнняў задавальняюць гаспадынь. Пры гэтым у лабараторыях выкарыстоўваюцца тэрмометры высокай дакладнасці. Абодва метады вымярэння тэмпературы маюць права на існаванне. Але прымяняцца яны павінны ў розных умовах і пры розных патрабаваннях да дакладнасці правядзення вымярэнняў.

Тэст-палоскі варта выкарыстоўваць тады, калі нельга выкарыстаць іншыя, больш складаныя і дарагія і разам з тым больш дакладныя метады аналізу. У першую чаргу выкарыстанне тэст-палосак і выяўленне падазроных калодзежаў выклікае ў людзей увагу да праблем няправільнай арганізацыі прысядзібнай гаспадаркі, забруджвання навакольнага асяроддзя, бестурботных адносінаў да свайго здароўя і здароўя сваіх родных. Нельга палохаць людзей, важна тлумачыць прычыны праблем і тое, як з імі можна справіцца. Гэта магчыма толькі пры выкарыстанні розных узроўняў інфармавання. Выкарыстанне тэст-палосак – гэта адзін з метадаў прадастаўленне інфармацыі насельніцтву. У любым выпадку, выкарыстоўваць іх ці не – гэта выбар кожнага.

Дадам, што мы не рэкламуем ніякіх фільтраў для вады і не здабываем прыбытак з распаўсюджання палосак: яны раздаюцца насельніцтву бясплатна. Узамен мы просім толькі інфармацыю, якая патрэбна нам для разумення сітуацыі.

Для нас важна, каб людзі зразумелі, што яны самі ўплываюць на якасць вады, што яны сваімі паводзінамі могуць лёгка сапсаваць тую ваду, якую п’юць, і тую ваду, якая цячэ ў рэках і раўчуках. Важна, каб людзі ўсвядомілі, што калі забрудзілі ваду зараз, то можна забыцца пра якасную ваду на гады і дзесяцігоддзі.

Падрыхтаваў

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

Чытайце на гэту тэму таксама

1.02.2014. Цэнтр якасці вады адкрыўся ў Мядзеле: з’явіўся ён услед за Вілейкай

26.01.2014. У Вілейцы адкрылі цэнтр па пытаннях якасці вады