25-гадовы Віталь думаў, што яго знаёмы Сяргей скраў тэлефон.

Вечарам 29 жніўня Віталь з бацькам, Чаславам, а таксама будучымі пацярпелымі Сяргеем і яго жонкай Вольгай пілі разам з гаспадаром дома Аляксандрам. Раптам паміж двума маладымі мужчынамі ўзнік канфлікт з-за тэлефона “Нокіа 105”, які знік некалькі тыдняў таму. Віталь вырашыў, што яго скраў Сяргей, хаця ніякіх доказаў не меў.

Віталь ударыў Сяргея, паваліў на падлогу, потым узяў прас і пачаў прыкладаць да яго цела. Сын папрасіў бацьку ўключыць прас. Не менш за чатыры разы ён прыклаў гарачым прасам да галавы, тулава і рук меркаванага злодзея. Віталь атрымаў тэрмічныя апёкі 2-3 ступені да 8% плошчы цела.

Маладзён адразу ж ударыў і Вольгу і таксама не менш за чатыры разы прыкладаў гарачы прас да яе твару, тулава, рук і ног. Яна атрымала апёкі 2-3 ступені на не менш за 10% цела.

Тэлефон “Нокіа 105”, з-за якога Віталь катаваў гарачым прасам дваіх, каштуе каля 300 тысяч рублёў. Ён нібыта належаў бацьку, які зрабіў загадзя лжывы данос міліцыі, быццам Сяргей скраў тэлефон. Хаця мужчына ведаў не толькі тое, што Сяргей тэлефон не краў, але і тое, што гаспадар тэлефона зусім не ён. Аказваецца, што па дакументах тэлефон яму і належаў, аднак фактычна ён аддаў “Нокіа 105” гаспадару дома Аляксандру.

Пацярпелыя лячыліся чатыры месяцы

Суд прызнаў Віталя вінаватым у нанясенні менш цяжкага цялеснага пашкоджання, якое выклікала расстройства здароўя да чатырох месяцаў. Суд прызначыў пакаранне − пазбаўленне свабоды на два гады строгага рэжыму.

Яго бацьку суд прызнаў вінаватым у дапамозе падчас наўмыснага нанясення цялесных пашкоджанняў. Пака­ранне − пазбаўленне свабоды на паўтара года з адтэрміноўкай на адзін год.
Сына і бацьку будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

Віталю 25 год. Жыве ў вёсцы Брохаўшчына Маладзечансакага раёна, не працуе, разведзены. У 19 год быў асуджаны за наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці і прыгавораны да пяці год абмежавання свабоды ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу.

У 21 год за ўхіленне ад адбывання пакарання яго асудзілі. Ён яшчэ не адбыў тэрмін па першай судзімасці, таму па сукупнасці прыгавораў суд прызначыў пакаранне − два гады пазбаўлення свабоды. Тэрмін, які ён не паспеў адбыць, замянілі на выпраўленчыя работы з утрыманнем 15% даходу на сем месяцаў.

Андрэй ЖУКОЎСКІ, памочнік пракурора Валожынскага раёна.

Фота www.yuzhnoukrainsk.net.