Як звязаны народны паэт з Маладзечнам, распавядае Лявон Цімохін.
Верш Рыгора Барадуліна “Узятыя на смерць павінны жыць…” бярэ свой пачатак ад Маладзечна.
У канцы 2010 года маладзечанец Лявон Цімохін перажываў за многіх сваіх знаёмых. Не маючы моцы дапамагчы, ён склаў радок “Узятыя на смерць павінны жыць” і зачытаў яго Барадуліну. Праз некалькі дзён народны паэт напісаў верш, які бярэ пачатак ад радка маладзечанца.
Хрысціянская сутнасць
− Гэта цудоўны хрысціянскі верш у абарону людзей, − распавядае Лявон Цімохін. − Адзін з апошніх яго геніяльных вершаў. Наогул, адметнасць Барадуліна − яго светлая хрысціянская сутнасць. Гэты яго запавет застаўся для нас.
Лявон Цімохін ўспамінае дзядзьку Рыгора вельмі веруючым чалавекам, які быў моцна зацікаўлены ў духоўным росце. Быў моцна задаволены тым, што ў Маладзечне паставілі другі касцёл. А пантыфіка Яна Паўла II лічыў прарокам на зямлі, пераклаў яго кнігу на беларускую мову.
Няма рымлян, ёсць латынь
Народны паэт быў упэўнены, што беларуская мова ніколі не знікне. У адной спрэчцы Лявон Цімохін казаў пра бессмяротнасць мовы, і Рыгор Барадулін падтрымаў яго: “Цяпер няма тых рымлянаў, але існуе латынь”.
− Нацыянальныя мовы ён лічыў грунтам існавання людзей. Гэта быў чалавек надзвычай светлы. І сваім светлым хрысціянскім духам ён натхніў многіх людзей. Мне ён нагадвае ўкраінскага Тараса Шаўчэнку.
Вялікі Гасцінец у адным экзэмпляры
Дзядзька Рыгор цікавіўся тапанімікай Маладзечна.
− Я ўдзельнічаў у камісіі, якая імкнулася вярнуць спрадвечныя назвы гораду, што праслаўляюць наша мінулае, − прыгадвае маладзечанец. − Сяброўка даслала паштоўку з Іспаніі, напісаўшы ў адрасе Вялікі Гасцінец. Мне потым яшчэ паштальёны дзякавалі за ўнікальную назву − толькі ў нас такая вуліца ёсць. І калі я гэта расказваў Рыгору, то … трэба было бачыць яго вочы! Сказаў, што ніяк не думаў, што выйдзе, каб наша вуліца была ў адзіным экзэмпляры ў Сусвеце. Дзядзька Рыгор вельмі шчымліва тады гаварыў пра тое, што Маладзечна мае ідэальную тапаніміку.
Сябры Барадуліна
Лявон Цімохін расказвае, як пазнаёміўся з будучым народным паэтам:
− Мы даўнавата знаёмыя з Барадуліным. Мой дзеядзька Міхась Сыракваш сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. Праз яго я ведаў літаратурнае асяроддзе. Ён для мяне быў старэйшым прыяцелем. А сябры Барадуліна − Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў і Глеб Лабадзенка.
Даведка “РГ”. Лявон Цімохін. Настаўнік гісторыі, паэт. У пачатку 1990-х гадоў − дэпутат Маладзечанскага гарсавета.
Цаліна, вершы, каханне… Аднакурсніца пра Барадуліна
Узятыя на смерць павінны жыць.
Яны прыйшлі ў жыццё,
Каб цемра знікла.
Каб д’яблавы ашчэраныя іклы,
За ганьбу помсцячы,
Ушчэнт скрышыць.
Дай моцы духу
Ратнікам святла.
Рашучыя не могуць быць рабамі.
Хай здрайцы ў дол пакоры
Б’юць ілбамі,
Трывацьме непахіснасьці скала.
Не памірае праведная кроў,
Яна ў вяках
Не ведае сутрыму.
Злу непадлеглую сваю Радзіму
Світальна
Бачаць вочы ваяроў!..
Рыгор Барадулін.
2 студзеня 2011.