Па некаторых эканамічных паказчыках Маладзечаншчына летась не дасягнула пазалеташні ўзровень.

Сітуацыю па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна абмяркоўвалі на чарговай сесіі Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 28 лютага.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Актанаровіч  дакладаў, што пэўныя складанасці былі на мікра- і макраўзроўні, якія не дазволілі выканаць прагнозныя паказчыкі. Астаткі гатовай прадукцыі маюць Радашкавіцкая Белмастацкераміка, Маладзечнамэбля, “Энва” і іншыя.

На Алёхнавіцкую пту­шкафабрыку знай­шлі інвестара − “Еўрагандль”. Намеснік старшыні лічыць, што абноўленая фабрыка зробіць Алёхнавічы зусім іншым пасёлкам.

Знізіліся надоі малака.

У тавараабароце доля айчыннай прадукцыі паменьшылася. Інвестыцыі не дасягнулі ўзроўню 2012 года.

Затрымкі па заробках маюць завод жалезабетонных вырабаў, гаспадаркі “Маркава”, “Селеўцы”, “Купала-агра” і іншыя.

На сесіі падкрэслілі, што прадпрыемствы, у якіх менш за 30% прадукцыі ідзе на экспарт, не маюць будучага. У іх будуць і затрымкі па заробках, і па аплаце энерганосьбітаў. Толькі адзінкавыя прадпрыемствы маюць маркеталагічныя службы. У іншых гэтую ролю выконвае ці кіраўнік, ці аддзел забес­пячэння.

− На нас асаблівая ўвага, − пракаментаваў старшыня райвыкан­кама Аляксандр Яхна­вец. − “Трайпл-Велес” павёў уніз, але не павінна быць такое, што на адной арганізацыі трымаецца ўвесь раён. Па экспарце мы маглі добра спрацаваць, але спрацавалі слаба. Па інвесты­цыях таксама − пусцілі на самацёк. Кіраўнікі прадпрыемстваў былі не напружаныя. Нават вы­платы па заробку выконвалі не своечасова. А гэта важнейшы момант, гэта наша ідэалогія, тое, па чым ацэньваюць кіраўніка. На недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы былі аб’ектыўныя прычыны, але не толькі яны. Прывагі няма, загатоўка кармоў прайшла з рук вон кепска. Кіраўнікам трэба ўпрагчыся і пра­цаваць. За вамі − людзі, калектыў, сем’і, якім трэба карміць і выхоўваць дзяцей. Па выніках года − заўвага першаму намесніку старшыні, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Генадзю Бажко. Але я ўпэўнены, што сёлета мы з усім справімся.

Начальнік фінансавага аддзела Таццяна Варывончык даклала, што за 2013 год раённы бюжэт атрымаў 853 мільярды рублёў даходаў, і выдаткаваў 858 мільяр­даў. Дэфіцыт бюжэту − пяць мільярдаў. Два з іх закрылі сельсаветы дзякуючы свабоднаму астатку.

На гэты год раён мае адзін трыльён 185 мільярдаў рублёў у бюджэце.

25 мільярдаў з яго дазволяць закончыць рамонт раённай бальніцы, 15 мільярдаў − паставіць кацельню ў Радашкавічах.

З рэзервовага фонду раёна ў 2013 выдаткоўвалі на святкаванне Дня Незалежнасці, угодкаў Маладзечна, прэміі пераможцам конкурсу “Пры­гажосць. Гармонія. Стыль”, прэміі лепшым работнікам сельскай гаспадаркі, памяньшэнне кошту пуцёвак дзецям з малазабяспечаных сямей і іншыя. 27 мільёнаў атрымала ветстанцыя на прафілактыку з афрыканскай свіной чумой.

Два з паловай мільярды свабодных астаткаў плануюць накіраваць на пракладку каналізацыйных сетак каля вуліцы Новы свет, а таксама на тое, каб усталяваць ачыстныя збудванні на спусках гарадскіх ліўнёвак ва Ушу. Гэта дазволіць зрабіць на беразе ракі пляж, месца адпачынку для гараджан.