Юныя віляйчане ўдзельнічалі ў адкрытым першынстве і чэмпіянаце Гродна і Гродзенскай вобласці па каратэ. Усяго было каля трохсот удзельнікаў.

Прыехалі прадстаўнікі адных з наймацнейшых клубаў з Мінска, Пінска, Брэста, Гомеля, Барысава, Віцебска, Оршы, Магілёўскай вобласці і нават спартсмены з Польшчы.

 – Барацьба ішла ў кожным паядынку ад пачатку да канца, як у фінале. Ледзь расслабіўся, тут жа прайграў, – падзяліўся ўражаннямі трэнер клуба “Самурай” Сяргей Кірыевіч. – Нашы спартсмены змагаліся як маглі. Некаторым не пашанцавала з сапернікамі, хтосьці проста “перагарэў”, чакаючы свайго бою. У гэтую катэгорыю патрапілі спартсмены, якія павінны былі ўзяць медалі: Дзіма Стражнікаў, Ян Раманоўскі. Але ўсё роўна малайцы. Так як усе хлопцы рыхтаваліся, не прапускаючы ні адной трэніроўкі, не кожнаму па сілах. Але ж прызавыя месцы мы ўсё ж такі ўзялі.

Улад Закрэўскі ў катэгорыі 12-13 год да 45 кілаграмаў быў другім, а яму ж 12 год споўнілася за дзень да спаборніцтваў. На шляху да фіналу ён прайшоў вельмі складаныя паядынкі. Мікіта Кірыевіч перамог у катэгорыі 14-15 год да 57 кілаграмаў. Фінал выйграў у спартсмена з Гродна. Павел Кірыевіч заняў першае месца ў катэгорыі 16-17 гадоў звыш за 68 кілаграмаў. Вельмі цяжкі ў яго выдаўся паядынак з сапернікам з Пінска, у якім Павел выйграў з лікам 6:4. А ў фінале адолеў каратыста з Мінска.

Хочацца павіншаваць усіх прызёраў і падзякаваць за падтрымку ў паездцы на турнір бацькам выхаванцаў – Стражнікавым, Раманоўскім, Луцкіным, Ролічам.