У суботу, 29 сакавіка, прайшла спартакіяда “Здароўе” паміж сельскіх саветаў. У Мядзел прыехала дзевяць каманд.

Спаборніцтвы праходзілі ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры і сярэдняй школе №2 горада.

Каманды выяўлялі лепшых у настольным тэнісе, узняцці гіры, дартсе, більярдзе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, шашках, міні-футболе. Спаборніцтвы доўжыліся больш за пяць гадзін.

У двух відах перамагла прадстаўніца Княгінінскага савета Алена Комар: у дартсе і настольным тэнісе. У мужчын у дартсе лепшым быў Віктар Каравацкі, у настольным тэнісе – Іван Шпакоўскі (абодва – Нарацкі савет).

У шашках першыя месцы занялі Таццяна Сімончык (Нарацкі савет) і Леанід Жыхар (Слабодскі). Ва ўзніманні гіры у сваіх вагавых катэгорыях  перамаглі Сяргей Багуцкі і Віталь Камянецкі са Свірскага савета. У більярдзе лепшым стаў Генадзь Пятроўскі, у стральбе  – Дзмітры Ахрановіч (абодва прадстаўлялі Свірскі савет).

У міні-футболе упэўненую перамогу атрымала каманда Нарацкага савета. Яна выйграла ўсе матчы, а ў фінале перамагла футбалістаў са Свіры з лікам 12:1.

У агульным заліку першае месца занялі прадстаўнікі Свірскага савета. На другім месцы – Нарацкі, на трэцім – Княгінінскі саветы.