Здарэнне адбылося ў ноч на 14 красавіка. На раскрыццё злачынства аператыўнікам спатрэбілася 32 хвіліны.

Пра здарэнне “Рэгіянальнай газеце” паведаміў старшы следчы Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Юры Багушэвіч:

У суботу ноччу, 13 красавіка, 35-гадовая жанчына  пешшу вярталася з дыскаклуба “Магніт”, дзе адзначала Дзень нараджэння сяброўкі.

У тры гадзіны ночы, у раёне дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі, што па Вялікім Гасцінцы, на яе ззаду напаў невядомы. Мужчына схапіў жанчыну за шыю, пачаў душыць, патрабуючы, каб яна аддала яму заплечнік. Затым схапіў заплечнік і збег.

Пацярпелая ніякіх прыкмет нападніка, акрамя таго, што ў яго былі падоўжаныя скроні, не запомніла. Але гора-злодзей  на месцы злачынства пакінуў свой мабільны тэлефон, які выпаў у яго з кішэні. Нарад маладзечанскага аддзела дэпартамента аховы, які прыбыў на месца здарэння, літаральна праз паўгадзіны па прыкметах затрымаў падазраванага.

На момант затрымання, заплечніка пры ім не было.

Як аказалася, хаваючыся ад праваахоўнікаў, хлопец выкінуў заплечнік у адным з двароў. Нават скрадзеных грошай з заплечніка не забраў. Чаму?

Таму што ў жаночым заплечніку сярод ключыкаў, памадак, духоў, сурвэтачак ён проста не знайшоў кашалька. У якім, дарэчы, было ўсяго 270 тысяч рублёў. Заплечнік з усім змесцівам шчасліва вярнуўся да яго гаспадыні.

Што датычыцца нападніка, ім аказаўся 31-гадовы мясцовы жыхар, які раней двойчы быў судзімы за крадзеж.

Цяпер ён працуе стропальшчыкам на адным з гарадскіх прадпрыемстваў. Супраць падазраванага ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле рабаванне з гвалтам.