У музеі народнай славы 4 красавіка адкрылася выстава “Святло душы” Ядвігі Сянько.

Гэта ўжо 127 персанальная выстава маладзечанская мастачкі, а выставачнай дзейнасцю яна займаецца з 2003 года.

На гэты раз мядзяльчане могуць пабачыць 37 спісаў абразоў, выкананых Ядвігай Сянько. Сярод іх і праваслаўныя, і каталіцкія. Дарэчы, творца напісала больш за 1500 абразоў і карцін на хрысціянскую тэму.

А пачала сустрэчу Ядвіга Сянько з прызнання аб мясцовых каранях – так што з поўным правам звярталася да мядзяльчан “землякі”:

–  Я не нарадзілася тут, але адсюль родам мой бацька, на мядзельскай зямлі жыве мая цёця, стрыечныя браты і сёстры. Так што, я крышачку ваша.

Паведаміла мастачка, што гэта выстава пачынала экспанавацца ў Нацыянальным гістарычным музеі Мінску, праехала па гарадах Мінскай і Брэсцкай абласцей. І ўжо на ёй прадстаўлены дзесяць новых прац, напісаных у гэтым годзе.

– Лічу, што чалавек, які не зможа пайсці ў храм (розныя людзі бываюць), то хай ён пераступіць парог музея, паглядзіць на абразы. І можа гэта дапаможа яму знайсці сваю дарогу да Бога, – казала Ядвіга Сянько.

Цікавіла мядзяльчан тое, колькі часу займае напісанне абраза, як можна заказаць твор. Распытвалі, які самы дарагі для мастачкі абраз.

–  Гэта пытанне мне часта задаюць. Не магу адназначна сказаць, які любімы. Любіш кожны, як працуеш над ім. Гэта, напэўна, як адносіны да дзяцей.

Спявае хор з мядзельскай царквы

Спявае хор з мядзельскай царквы

На працягу імпрэзы гучалі не толькі расказы пра творцу, гісторыю абразоў, а і духоўныя спевы ў выкананні хораў з мядзельскіх  царквы і касцёла. Прычым, спявалі яны не толькі паасобку, а і разам.

хор з мядзельскага касцёла

хор з мядзельскага касцёла

Такое адкрыццё выставы Ядвізе Сянько прыйшлося па душы: “Гэта мне як падарунак”, – дзялілася яна на развітанне.

Даведка “РГ”

Спіс у іканапісе – копія з пэўнай ўшанаванай іконы.