Затое ёсць акрабаты, эквілібрысты, жанглёры, клоуны, вальтыжоры. ..Цыркавая студыя “Мара” запрашае ўсіх на цыркавую праграму “Фунцік у цырку”, якая адбу­дзецца сёння, 16 красавіка, у Доме культуры чыгуначнікаў.

Тое, што гэта будзе феерычнае шоу, стала зразумела ўжо на рэпетыцыі. Адкрываецца заслона, і на сцэне з’яўляюцца артысты: жанглёры, акрабаты, паветраныя гімнасты. У паветра ляцяць булавы, а дзяўчаты ў бліскучых касцюмах круцяць рознакаляровыя абручы. Гучыць марш… і пачынаецца крык:

− Сямён, не чапай тумбу!

− Аляксей, што ты як нежывы!

− Маша, гавары гучней!

Творчы працэс. Ідзе звычайная рэпетыцыя.

Кіраўнік узорнай цыркавой студыі “Мара” Святлана Горлава кажа, што такія вялікія праграмы ставяцца раз на тры гады, адсюль і нервы, адсюль і адказ­насць.

− Хаця, здаецца, чаго панікаваць? Цыркавая студыя існуе 27 гадоў, заняткі з артыстамі право­дзім штодзённа.

Цыркавую студыю “Ма­ра” заснавала ў 1987 годзе Святлана Горлава разам з мужам.

Яны, былыя артысты цырка, акрабаты-вальтыжоры, выйшлі на пенсію не для таго, каб атрымліваць асалоду ад спакою, а каб ужо ў сваёй студыі рыхтаваць і запальваць новыя імёны на цыркавым небасхіле.

Выпускнікі Святланы Горлавай працуюць у Гомельскім цырку, на Тайвані, у Маскве.

Сёння ў цыркавой студыі рыхтуюць артыстаў усіх жанраў. “Выклю­чаючы дрэсіроўшчыкоў”, − жартуе Святлана.

− А як вы размяркоўваеце артыстаў, кім ім быць: жанглёрамі ці эквілібрыстамі?

− Сваім артыстам я даю неабходныя ўменні ва ўсіх жанрах, а потым ужо яны самі выбіраюць свой шлях. Бывае так, што артысту ні ў якую не падабаецца жангліраваць, і як тут прымусіш?

− У студыі займаюцца дзеці розных узростаў, як атрымоўваецца зацікавіць адначасова ўсіх?

− З самымі маленькімі артыстамі займаецца мая былая вучаніца Алена Курэц. Я займаюся з больш дарослымі дзецьмі. У студыі ёсць артысты, якія ходзяць сюды ўжо каля дзесяці гадоў. Гэта Ганна Чаплінская і два браты-акрабаты Павел і Ілля Драмлюкі. А зацікаўліваць нікога не трэба. Цырк – гэта магія, прыходзьце і пераканайцеся ў гэтым самі.

Артыст цырка Павел Драмлюк. Фота Наталлі ТУР.

Артыст цырка Павел Драмлюк. Фота Наталлі ТУР.

− З якога ўзросту бяруць у артысты цырка?

− У нашай студыі займаюцца дзеці ад 8 гадоў, бо калі яны меншыя, вельмі цяжка скаардынаваць іх рухі.

Цыркавое майстэрства патрабуе поў­нага засяроджання, тут расхлябанасць не прой­дзе. Увогуле, цыркавое майстэрства вельмі траўманебяспечнае, працуем мы і пад купалам.

Але ўсе мае дзеці ў бяспецы. Калі працуюць на трапецыі ці ў коле, артыстаў страхуе лонжа. Выключэнне, нумары на палотнах, там страхоўкі няма, але Ліза Ліхтаровіч, наша артыстка, выдатна спраўляецца з паўметровай тканінай.

− У вашых артыстаў вельмі прыгожыя касцюмы, вы дзе іх набываеце?

− Усё тое, што ёсць у цырку, справа маіх рук і рук майго мужа. Усё абсталяванне, на якім працуюць артысты, тыя ж трапецыі і кольцы, зрабіў мой муж. А касцюмы шыю сама. Вось чаму вы думаеце, я не на рабоце сёння? Таму што ўзяла дадому тканіну, каб нашым самым маленькім артыстам да прэм’еры паспець сшыць новыя касцюмы.

Даведка “РГ”.

Лонжа – прыстасаванне, якое страхуе артыстаў цырка падчас выканання небяспечных трукаў.

Эквілібрыстыка –  жанр цыркавога мастацтва. Здольнасць артыста ўтрымліваць раўнавагу пры няўстойлівым становішчы цела (на дроце, на канаце, на руках, на галаве, на шпульках, на бутэльках, на крэсле, на шары і інш.)

Вальтыжор – паветраны гімнаст, які робіць трукавыя пералёты з трапецыі на трапецыю, у рукі або на плечы партнёра і гэтак далей.