З навучальнага візіту ў Сербію прыехалі прадстаўнікі Вілейшчыны, якія займаюцца распрацоўкай мясцовага экалагічнага плана. Візіт быў на пачатку красавіка.

Падрабязнасцямі падзяліўся каардынатар па стварэнні мясцовага экалагічнага плана дзеянняў па Вілейскім раёне Сяргей Ганчар:

–  Паездка праводзілася для таго, каб мы мелі больш шырокі погляд на тыя экалагічныя прыярытэты, якія разам з грамадскасцю і спецыялістамі вызначылі для распрацоўкі мясцовага экалагічнага плана дзеянняў.  Арганізавана яна ў межах падпісанага ў верасні мінулага года Вілейскім райвыканкам і Рэгіянальным экалагічным цэнтрам для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пагаднення аб супрацоўніцтве па рэалізацыі ініцыятывы “Падтрымка ўстойлівасці планавання экалагічных мерапрыемстваў у населеных пунктах Беларусі і Малдовы”.

Праграма паездкі была насычаная: канферэнцыя, круглыя сталы, навучальныя паездкі на прадпрыемствы. 

Экалагічныя пытанні не толькі для спецыялістаў

Адно з вострых пытанняў, якое стаіць у тым ліку і ў Беларусі, – перапрацоўка бытавых адходаў. Мы наведалі ў розных гарадах станцыі, дзе ідзе сарціроўка адходаў, прадпрыемствы, на якіх перапрацоўваюць розныя віды смецця.

На працягу двух дзён праходзіла міжнародная канферэнцыя па экалагічных пытаннях. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Малдовы, Сербіі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Славеніі ды іншых краін. Было шмат дакладаў, прэзентацый па розных накірунках: ахова прыроды, кіраванне адходамі, якасць вады.

– Што найбольш уразіла падчас паездкі?

– Тое, што нам паказвалі, у нейкай ступені ёсць на Беларусі – тая ж перапрацоўка адходаў, але было цікава бачыць іх напрацоўкі ў гэтай галіне.

–  А якія высновы зрабілі?

– Самае галоўная выснова – што працаваць над вырашэннем экалагічных праблем неабходна не толькі спецыялістам, але і грамадскасці. Больш актыўна трэба працаваць у накірунку экалагічнага выхавання. Магчыма, гэта з’яўляецца яшчэ больш важным пытаннем, чым вырашэнне нейкіх праблем, бо з разумення праблемы ўсе пачынаецца, у тым ліку і тое, як мы адносімся да таго, што спажываем, адходаў і гэтак далей.

–  Чым карысны быў візіт?

–  Мы ўбачылі розныя бакі праблем, якія лічым важнымі. Вельмі карысна было наладзіць кантакты з іншымі арганізацыямі, прадстаўнікамі іншых краін, якія займаюцца падобнымі пытаннямі. Наша група з Беларусі складалася з прадстаўнікоў 10-ці раёнаў, а таксама Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І мы таксама дзяліліся сваімі напрацоўкамі і досведам.

– У размовах са спецыялістамі ці закраналі мясцовы экалагічны план дзеянняў для Вілейшчыны?

– Так. У нас потым было пасяджэнне каардынатараў з Беларусі і Малдовы, і ў вольны час мы пра гэта гутарылі. У прынцыпе сярод беларускіх груп ва ўсіх амаль аднолькавы падыход. Бо наша сістэма, што датычыць якасці вады, водаадвядзення ўжо наладжана ў Беларусі, мы працуем з аднымі і тымі ж структурамі. А калі размаўлялі з малдаўскімі калегамі –  то ў іх іншы падыход да гэтых пытанняў, пра што таксама вельмі цікава было даведацца. У іх пэўныя паўнамоцтвы канцэнтруюцца ў дзяржаўных установах, але шмат чым займаюцца грамадскія аб’яднанні.

– Што такое ўбачылі, што хацелася б укараніць на Вілейшчыне?

–  У Сербіі былі ў буйных гарадах, там у большасці мікрараёнаў арганізаваны асобны збор смецця: шкла, паперы, тэтрапакаў, бляшанак… Гэта ёсць і ў нас, але яшчэ ў меншым аб’ёме. Лічу, што гэты накірунак павінен больш развівацца, каб кожная сям’я, установа паасобку сартавала смецце ў кантэйнеры. З гэтым звязанае і пытанне экалагічнага выхавання: трэба ўсё гэта з дзіцячых садкоў прывіваць. 

– Пасля візіту ў Сербію прыярыты ў мясцовым плане экалагічных дзеянняў не змяніліся?

– Мы яшчэ больш ўпэўніліся, што тыя чатыры накірункі, якія мы выбралі,  правільныя. Прыярытэты вельмі важныя не толькі для Вілейшчыны, але наогул для краіны.

 Гэта пацвяджаецца тым, што ў большасці раёнаў, якія задзейнічаны ў ініцыятыве, выбралі практычна такія ж накірункі.

Шаноўныя чытачы, а якія рашэнні па паляпшэнні экалогіі на Вілейшчыне параіце вы? Далучайцеся да абмеркавання на нашым сайце.

Даведка “РГ”

 Прыярытэты мясцовага экалагічнага плана дзеянняў для Вілейшчыны:

1. Праблема забруджвання малой ракі Пляснянкі, якая забруджваецца за кошт сцёкавых вод бытавой каналізацыі.

 2. Кіраванне камунальнымі адходамі – правядзенне далейшай працы па раздзельным зборы смецця і далейшай перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў.

 3. Якасць вады ў каналах, рэках і азёрах – гэта стан Вілейскага вадасховішча.

 4. Стан існуючых зяленых зон, паркаў, а таксама месцаў адпачынку і развіццё зялёнага турызму.