У суботу, 24 мая, адбыліся гульні чацвёртага туру чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе.

У ім сустрэліся “Маладзечна-ДЮСШ-4” і “Вілія” з Вілейкі. Гульня завяршылася на з лікам 3:2 на карысць маладзечанцаў.

– Гульня была цікавая, – адзначыў капітан “Віліі” Алег Гулевіч. – У першым тайме перавага была цалкам на баку маладзечанцаў, яны добра трымалі мяч, камбінавалі. Першая палова гульні завяршыўся з лікам 2:0 на іх карысць. Потым яны забілі яшчэ адзін гол. І толькі пасля трэцяга прапушчана мяча наша каманда зайграла, нешта стала атрымлівацца. Забілі гол, маглі адразу яшчэ адзін адквітаць, але не ўдалося. Потым гульня пайшла на сустрэчных курсах. І мы змаглі забіць другі гол. Так, хацелася большага, нічыю “зачапіць”, аднак не атрымалася.

Першымі ачкамі разжыўся “Валожын-2010”. Валожынцы дома выйгралі ў аўтсайдэра чэмпіянату “Крупкі-ДРБУ-164” 3:1.

“Забудова-2007” у гасцях перамагла “СМІаўтатранс” (Смалявіцкі раён) – 2:1. 

Турнірнае становішча

У групе “А” “Маладзечна-ДЮСШ-4” трымаецца на другім месцы,  “Забудова-2007” – на трэцім (у абедзвюх каманд адставанне ад лідара складае тры ачкі). “Вілія” апусцілася на шостае месца, “Валожын-2010” знаходзіцца на дзявятым.

Ёсць гульцы з нашага рэгіёна ў спісе лепшых бамбардзіраў. Трэцяе месца дзеляць Павел Майсяёнак з “Маладзечна-ДЮСШ-4” і Сяргей Остэртах (“Забудова-2007”). Яны забілі па чатыры галы.