Сёлета мерапрыемства прымеркавалі да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першы этап фестывалю – паэтычны конкурс – прайшоў 20 мая ў раённай цэнтральнай бібліятэцы. У ім прымалі ўдзел 24 аўтары: пачынаючы ад юных (маладзейшаму было 13 год) і да ўмудроных досведам (старэйшаму – 82 гады).

А 22 мая ў зале прафесійна-тэхнічнага каледжа адбыўся конкурс аўтарскай песні. Узялі ў ім удзел 18 выканаўцаў. Выступалі не толькі выканаўцы сваіх песень, але і тыя, хто спяваў песні іншых аўтараў.

– Вельмі прыемна, што ўдзельнікі сур’ёзна рыхтавалася да фестывалю. Аўтарскую песню прадставілі разнапланава і ў розных жанрах, – кажа дырэктар Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч. – Арганізатары хацелі, каб гэта быў у першую чаргу не конкурс – хто лепшы, а сапраўднае свята – свята паэзіі, свята песні. Лічу, што гэта атрымалася. У конкурсе аўтарскай песні ўдзельнічалі людзі рознага ўзросту, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый: раённай бальніцы, райгазу, завода “Зеніт”, хлебазавода, гімназій, каледжа… Дадам, што ўдзельнікі фестывалю былі не толькі з Вілейкі, але і раёна.

Інтрыга фестывалю захоўваецца: імёны пераможцаў пакуль не назвалі. Яны стануць вядомы 2 ліпеня, на свяце вуліцы Савецкай.

Там пройдзе літаратурна-музычны марафон, які так і называецца – “Вілейская хваля”. А завяршыцца ён гала-канцэртам на плошчы Леніна.