У падрыхтоўцы кнігі бралі ўдзел сябры БГА “Ветэраны Адраджэння” Міхась Чарняўскі, Зміцер Санько, Юрась Грыбоўскі, Здзіслаў Сіцька і Яўгенія Чаплінская.

– Кнігу ўжо даслалі Мікалаю Махначу ў Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе ён цяпер жыве, – распавядае жонка ўкладальніка кнігі Міхася Чарняўскага спадарыня Святлана. – У тэлефоннай размове ён сказаў, што задаволены, і кніга яму спадабалася.

Яна выходзіць ужо ў другі раз. Выданнем займаўся галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Зміцер Санько.

На вокладцы – здымак разбуранага манастыра Монтэ-Касіна, Італія, 1944 год. У кнізе каля 130 старонак.

Адзаду на вокладцы прыведзеныя словы Зміцера Санько:

“Гэтая кніга сваім сюжэтам нагадвае авантурны раман. Беларускі хлопец з Валожына, мабілізаваны ў 1941 годзе на лесараспрацоўкі ў Карэлію, прайшоўшы шмат выпрабаванняў, трапляе па нейкім часе – праз сярэднюю Азію, блізкі Усход, Афрыку і Апеніны – у Брытанію, а потым у Амерыку… Але гэта не мастацкая выдумка. Гэта праўдзівы жыццяпіс удзельніка Другой сусветнай вайны на заходнім тэатры ваенных дзеянняў. Бліскучая памяць аўтара ўзнаўляе мноства фактаў, імёнаў, лічбаў, трапных назіранняў. У дадатку да кнігі – не менш змястоўныя ўспаміны яго сястры Валянціны Махнач-Слабодчыкавай і выбраныя ліставанні”.