Мала­дзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю праверыў ААТ “Усход-Агра”.

Праверка паказала, што летась тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 96,2% ад запланаванага. Прагназаваны ж паказчык быў 106,8%. Знізіўся паказчык вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства.

Таварыства павялічыла колькасць кароў на 39 галоў. Аднак валавы надой малака павялічыўся нязначна, на 18 тон, ці 0,3%. Яго ж продаж знізіўся на 142 тоны, ці 2,8%. Удой на карову склаў 4 966 кілаграмаў і скараціўся на 213 кілаграмаў, валавыя прывагі зменшыліся на 63 тоны, ці 7,8%.

Асноўная прычына зніжэння паказчыкаў – адсутнасць жывёлагадоўчых памяшканняў, якія б адпавядалі сучасным патрабаванням вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Каб выправіць сітуацыю, у маі 2012 года таварыства пачало будаваць малочнатаварную ферму на 600 галоў дойнага статка.

Аднак будаўнікі не выканалі свае абавязацельствы па дамоўленасці. Будаўніцтва фермы зацягнулася на нявызначаны тэрмін. З-за гэтага гаспадарка нясе значныя страты за карыстанне крэдытам.

У таварыстве скончылі рэканструяваць бульбасховішча. Але дапусцілі шмат парушэнняў як будаўнічага, так і фінансавага заканадаўства.

Завысілі кошт будаўніча-мантажных работ на 26 мільёнаў рублёў. Кошт вентыляцыйнага пасрэдніцтва завысілі амаль на 130 мільёнаў рублёў.

Падчас будаўніцтва дэмантавалі металаканструкцыі, якія па дадзеных бухгалтарскага ўліку не апрыходаваныя. А гэта звыш 50 тон металалому на 44 мільёны рублёў.

У парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства на землях ляснога фонду таварыства распрацавала кар’ер, дзе толькі ў студзені 2013 года дабыло 1,6 тысячы тон пяску.

У дадатак, прадпрыемства прысвоіла сабе ворныя землі.