Пра гісторыю вуліцы расказала навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей.

Ад Мінскай да Савецкай

–  Пачнём з гісторыі вуліцы…

– Вуліца Савецкая з’яўляецца самай старой вуліцай горада. Само мястэчка размяшчалася ў раёне Свята-Георгіеўскай плошчы (цяперашняй плошча Свабоды), а на высокім беразе Віліі (цяпер – каля гарадскога парку) быў маёнтак, ці як тады яго называлі – двор старасты.

Ад плошчы, на якой у 1775 годзе замест старой было пабудавана новая ўніяцкая царква (на тым месцы ў 2001 годзе ўзведзена капліца ў гонар двухтысячагоддзя нараджэння Хрыста), адыходзіла некалькі вуліц без назваў. У інвентары Вілейскага староства за 1789 год цяперашнюю вуліцу Савецкая ахарактырызавалі так: вуліца ад царквы да двара была вельмі кароткай. Тут пражываў толькі прышлы каваль Тадэвуш Загорскі ў казённым доме і яўрэй Хаім ва ўласным.

У 1795 годзе ўказам імператрыцы Кацярыны II Вілейка атрымала статус павятовага горада і ў ёй на правым баку ракі Пляснянкі пачалі ўзводзіць новыя будынкі, дзе размяшчаліся павятовыя ўстановы, паштовая станцыя.

Апошняя была якраз на паштовай дарозе з губернскага горада Мінска ў павятовую Дзісну. Потым вуліца ад уніяцкай царквы да двара атрымала назву Мінска-Дзісенская і засталася Мінская.

Пэўны час вуліца насіла імя імператара Аляксандра ІІ

Пэўны час вуліца насіла імя імператара Аляксандра ІІ

Разрастаўся горад. Актыўна, як галоўная, забудоўвалася Мінская вуліца. Ёй пасля забойства ў 1881 годзе імператара Аляксандра II прысвоілі яго імя – стала вуліца Аляксандраўскай. Не раз яна яшчэ мяняла назву. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года стала называцца Вялікай. За польскім часам вуліца насіла імя кіраўніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага. На ёй размяшчаліся гімназія імя Генрыка Сянкевіча, банк, казначэйства, рэстараны і гатэлі. У асноўным, гэта была такая гандлёвая вуліца: вельмі шмат крам тут месцілася. Далучэнне ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР прывяло да перайменавання практычна ўсіх вуліц горада. Тады і з’явілася ў горадзе Савецкая. Толькі ў гады нямецкай акупацыі вуліца называлася Беларускай, а ў 1944 годзе вяртае ранейшую назву.

– Для Вілейкі што значыць вуліца Савецкая?

– У ёй – поўная гісторыя горада. Бо ўсё асноўнае, што адбывалася ў горадзе – ці свята, ці кірмаш, – тым ці іншым бокам закранала гэту вуліцу. Кірмаш быў на плошчы, але ж людзі, вядома, прыходзілі, збіраліся тут.

“Плавалі і лазні, і людзі, і коні”

– Вас чым зацікавіла гісторыя гэтай вуліцы?

– Я жыву ў доме на гэтай вуліцы, таму яе гісторыя мне вельмі цікавая.

– І які перыяд з гісторыі вуліцы вам найбольш цікавы?

– Перыяд 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Вілейка была пад Польшчай. Тут было шмат цікавых падзей.

Пра многае расказаў старажыл Аляксандр Маліноўскі, які нарадзіўся і жыве на вуліцы Савецкай 91 год. Прыгадвае ён, як у 30-х гадах у Вілейцы здарылася такая паводка, што “плавалі і лазні, і людзі, і коні”. Нават ёсць фотаздымак, зроблены вілейскім фатографам Беркам Берманам.

Аляксандр Канстанцінавіч успамінае тых яўрэяў, якія тут жылі. Напрыклад, у доме, дзе я жыву (Савецкая, 56), у той час жыў яўрэй Хай. Ён меў каня, ездзіў па вёсках і прадаваў селядцы і мыла.

На плошчы Свабоды (у раёне залы выстаў) месцілася карчма, у якой збіралася сярэдняе кола насельніцтва горада, пілі гарбату і гутарылі. У будынку, дзе цяпер “Белтэлекам”, была гасцініца. У раёне ЗАГСа таксама знаходзілася гасцініца. І банк размяшчаўся па вуліцы Савецкай.

На месцы, дзе зараз ваенкамат, жылі кавалі Хаім і Перац. Далей ад ваенкамата з левага і правага боку месціліся крамы, якія трымалі яўрэі. Памятае старажыл, як зазывалі да сябе ў краму “Хадзі ка мне!…”

Яўрэі тут здымалі дом і гандлявалі, а жылі ў іншым месцы. Па вуліцы Савецкай жыў і Путс: рабіў кілбасы, вэндзіў іх і прадаваў. Добрыя кілбасы былі дарагія, а абрэзкі з кілбас таннейшыя, іх маглі купіць бяднейшыя людзі.

На кватэры ў суседзяў Аляксандра Маліноўскага быў майстар, які рабіў помнікі з каменю ў выглядзе дрэва. І адзін помнік стаяў каля варот як рэклама. Помнік выразалі з цэлага каменю.