Пракурорам Гродзенскай вобласці па матэрыялах праверкі, праведзенай УКДБ, распачата справа па арт. 429 КК (незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці) у дачыненні да начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ашмянскім раёне.

Як паведамілі БелаПАН у Генеральнай пракуратуры, устаноўлена, што, парушаючы патрабаванні законаў «Аб барацьбе з карупцыяй» і «Аб дзяржаўнай службе», якімі дзяржслужачым забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз давераных асоб, начальнік інспекцыі фактычна ажыццяўляў такую дзейнасць, складаючы ўстаноўчыя, фінансавыя і бухгалтарскія дакументы, выконваючы іншыя адміністрацыйна-гаспадарчыя і арганізацыйна-распарадчыя функцыі на прыватным вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемстве «Баброўдрэў» у Ашмянах.

Пры гэтым, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, ён спрыяў дзейнасці ПВГУП «Баброўдрэў» шляхам утойвання вядомых яму фактаў працаўладкавання ў названую структуру не менш чым пяці наёмных работнікаў без адпаведнага дакументальнага афармлення. Перадаваў ім у якасці заработнай платы наяўныя грашовыя сродкі, садзейнічаў ухіленню кіраўніцтва прадпрыемства ад прадугледжаных заканадаўствам абавязковых страхавых узносаў і іншых плацяжоў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходнага падатку, што садзейнічала павышэнню даходнасці гэтай камерцыйнай арганізацыі. 

Крымінальная справа накіравана для папярэдняга расследавання ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.