Віляйчанка Лізавета Шчарбакова заняла чатыры прызавыя месцы на рэспубліканскай спартакіядзе па плаванні сярод школьнікаў.

Спаборніцтвы прайшлі з 24 па 26 чэрвеня ў Лужасне на Віцебшчыне.

Лізавета выступала ва ўзроставай групе 1999-2000 гадоў нараджэння. Яна была двойчы першай – на дыстанцыях 800 і 400 метраў вольным стылем і двойчы другой – на дыстанцыі 200 метраў вольным стылем і ў эстафеце.

– Лізавета прынесла вялікую колькасць ачкоў для каманды Мінскай вобласці, – кажа дырэктар СДЮШАР Вілейскага райвыканкама Сяргей Гатаулін. – Каманда Мінскай вобласці ў выніку заняла другое месца з сямі камандаў.

Трэніруюць Лізавету Яўгенія Асмалоўская і Галіна Перапечына.