У ім прынялі удзел прадстаўнікі дзіцячых цэнтраў, санаторыяў,  экалагічных арганізацый, сялянска-фермерскай гаспадаркі, школ ды іншых устаноў з усёй рэспублікі.

Месца для правядзення семінара выбралі невыпадкова: сёлета ў красавіку ў “Надзеі” запрацаваў самы вялікі ў Беларусі сонечны калектар. Яго магутнасць – 91,5 кВт. За май з дапамогай калектара атрымалі больш за шэсць гігакалорый цеплавой энергіі.

 Паводле папярэдніх разлікаў, за кошт функцыянавання ўстаноўкі на працягу года будзе выпрацоўвацца амаль 88 гігакалорый цеплавой энергіі.

Гэта не толькі зэканоміць 9500 еўра, а і паменшыць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу больш чым на 27 тон. За кошт атрыманай калектарам энергіі можна забяспечыць дзіцячы цэнтр ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем цягам 14 дзён.

 Устаноўлены калектар у межах праекта, які рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Жывое партнёрства” пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду і нямецкіх партнёраў цэнтра “Надзея”.

– Выкарыстанне сонечнай энергіі для нагрэву вады ў “Надзеі” пачалося яшчэ ў 2004 годзе, – прыгадала менеджар праектаў аб’яднання “Жывое партнёрства” Ларыса Якавюк. – Першы сонечны калектар устанавілі на будынку сталовай дзіцячага цэнтра. З яго дапамогай ажыццяўляюць папярэдні нагрэў вады для патрэб кухні. За дзесяць гадоў працы калектара атрымана амаль 86 гігакалорый  цеплавой энергіі, што дазволіла зэканоміць больш за дзевяць тысяч еўра.

Другі калектар з’явіўся тры гады таму на гаспадарчым будынку.

Трэцяя ўстаноўка адрозніваецца ад першых дзвюх канструктыўна і плошчай.

Яна змяшчае 45 элементаў, агульная плошча калектара перавышае 126 метраў квадратных. Для размяшчэння калектара такой вялікай плошчы абралі паверхню даху, пад якім складваюцца дровы для кацельні.

Вакуумны калектар пераўтварае сонечнае выпраменьванне ў цеплавую энергію, якая выкарыстоўваецца для ацяплення і гарачага водазабеспячэння дзіцячага цэнтра.

Каардынатар праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі Аляксандр Леўчанка расказаў, што грамадскія арганізацыі і сельскія Саветы могуць падаваць заяўкі ў фонд на атрыманне фінансавай дапамогі для сацыяльных і навучальных ўстаноў. Найбольш часта заяўкі накіраваныя на рашэнне праблем біяразнастайнасці, дэградацыі зямель, змянення клімату. Апошняму напрамку як раз адпавядаюць запыты па энергаэфектыўнасці, альтэрнатыўным крыніцам энэргіі.

Дырэктар асацыацыі “Аднаўляльная энэргетыка” Уладзімір Нісцюк расказаў пра стан і перспектывах развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі і свеце. Падзяліліся досведам прадстаўнікі арганізацый з нашай краіны, дзе выкарыстоўваюць сонечную энергію: напрыклад, расказалі пра сонечную электрастанцыю, якую пабудавалі ў “SOS – дзіцячай вёсцы Бараўляны”. А нямецкі сябра асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” Клаус Якобі пазнаёміў з досведам сваёй краіны.

Удзельнікі семінара пабачылі не толькі прамысловыя сонечныя калектары. Навуковец з Мінска расказаў і паказаў відэафільм пра самаробны калектар, які зрабіў з трубак адпрацаваных люмінесцэнтных лямпаў, што ачышчаныя ад пароў ртуці.

Даведка “РГ”

Сонечны калектар дазваляе атрымліваць цеплавую энергію за кошт сонечнага выпраменьвання. У адрозненне ад сонечных батарэй, якія вырабляюць непасрэдна электрычнасць, калектары награваюць матэрыял-цепланосьбіт.