Арганізавала экспедыцыю Рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Яе ўдзельнікі будуць збіраць у раёне матэрыял да 20 ліпеня. Вось што расказаў Сяргей Макарэвіч – сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, студэнт эканамічнага ўніверсітэту. 

Сяргей Макарэвіч

Сяргей Макарэвіч

– Колькі чалавек удзельнічае ў экспедыцыі?

– На працягу ўсёй экспедыцыі будуць задзейнічаны каля 30 чалавек. Штодня працуе некалькі груп – агулам 8-12 чалавек. Колькасць удзельнікаў мяняецца, увесь час людзі прыязджаюць, ад’язджаюць: не ўсе маюць магчымасць правесці цалкам тры тыдні ў экспедыцыі.
– І якая яе мэта?

– Асноўнай мэта ўсіх нашых экспедыцый – захаванне і перайманне беларускай культурнай традыцыі. Даследуем Вілейскі раён, імкнёмся ахапіць як найбольш тэрыторыі. Гэта для таго, каб скласці нейкае ўяўленне пра традыцыі, уласцівыя той ці іншай частцы раёна, каб можна было параўнаць іх з раёнамі, якія мяжуюць з Вілейскім.

Адкуль пачалі сваю экспедыцыю?

– Пачалі з вёскі Кульшыно. Даследавалі навакольныя вёскі – Любань, Журыхі, таксама тыя, якія размешчаныя ў накірунку Іжы.

І трэба сказаць, што з першых дзён шмат этнаграфічных звестак атрымалі, пабачылі, што даволі багата захавалася тэкстылю і таго, што адносіцца да ткацтва, іншых рамёстваў. Праца тут цікавая і вельмі плённая.

З якіх рэгіёнаў удзельнікі экспедыцыі?

– Людзі з розных мясцін: Магілёва, Віцебска, Мінска, Гомеля. Яны проста неабыякавыя да захавання спадчыны, ім цікава параўнаць песні і звычаі свайго рэгіёну і Вілейшчыны. Дзякуючы падтрымцы вілейскага музея і выдання “Волат”, ёсць у экспедыцыі мясцовыя людзі, якія цікавяцца краязнаўствам.

У нас сабраліся прадстаўнікі розных прафесій, у асноўным усе працуюць ужо.

А вы?

– Я яшчэ вучуся, але гэта, хутчэй, выключэнне.

Якому матэрыялу больш увагі надаеце?

– Насамрэч, гэта залежыць ад даследчыка, ад тэматыкі, якая яго цікавіць. У асноўным акцэнт робіцца на этнаграфічны матэрыял. Але ёсць людзі, якіх цікавіць міжваенны час, тапаграфія, тапаніміка. Звесткі абсалютна розныя. Не цураемся нічога, не абрываем людзей, калі яны расказваюць нейкі ўласны досвед адносна падзей ваеннага часу, бо потым гэты матэрыял можа быць выкарыстаны не толькі ў этнаграфічных мэтах. Сабраны матэрыял удзельнікі ў бліжэйшы час будуць апрацоўваць і ствараць агульны архіў экспедыцыі.

У вёскі Рэчкі Валянціна Сямёнаўна Лях і ўдзельнікі экспедыцыі Ганна Якуш і Наста Гвоздзева.

У вёскі Рэчкі Валянціна Сямёнаўна Лях і ўдзельнікі экспедыцыі Ганна Якуш і Наста Гвоздзева.