Валожынскі аўтапарк №14 сабраў подпісы тых, хто просіць пакінуць без змяненняў маршруты руху аўтобусаў Дзясятнікі-Мінск, Вайганы-Валожын, Багданава-Валожын.

– І гэта яшчэ толькі частка тых, хто не хоча ніякіх змяненняў, – кажа начальнік аддзела перавозак і маркетынгу Валожынскага аўтапарка №14 Канстанцін Рэут.

Нагадаем, “РГ” ужо пісала пра тое, што Пётр Рубан незадаволены рэйсам аўтобуса Валожын-Вайганы. І ён казаў, што гэта меркаванне большасці жыхароў Вайганаў. Пётр Іосіфавіч хацеў, каб аўтобус вяртаўся ў вёску не ў гадзіну дня, а пазней, прыкладна каля чатырох дня.

На гэта Канстанцін Рэут прапанаваў сабраць подпісы тых, хто супраць змяненняў. І тых, хто за.

Колькі апошніх, пакуль што пытанне адкрытае. Спадар Пётр, які большую частку часу праводзіць у Маладзечне, а меншую – у Вайганах, не захацеў губляць здароўе праз збор подпісаў. І пакінуў гэту справу мясцовым жыхарам разам з нумарамі рэдакцыі і мясцовых уладаў.

Пакуль што званкоў ад іншых жыхароў Вайганаў не было. Калі ж не будзе подпісаў – справа з месца не зрушыцца.

– Калі будуць подпісы, то жыхары могуць з імі ісці да нас. Мы абкатаем маршрут і паглядзім, ці ён запатрабаваны. Будуць людзі ім ездзіць ­– будзе рэйс, – падагуліў Канстанцін Рэут.

Чытайце таксама:

Хто адказны за дзіцячыя пляцоўкі “скруці шыю”