Раніцай 26 жніўня а палове восьмай у міліцыю пачалі тэлефанаваць людзі з паведамленнямі аб пашкоджанні машын.

Машыны стаялі ў дварах, каля дарогі, пачынаючы з вуліцы Францішка Скарыны і да рынку райспажыўтаварыства, пасля па вуліцы Віленскай і да пуцеправода.

На дахах некаторых машын бачны сляды абутку, адламаныя люстэркі задняга бачання, павыбіванае шкло ў дзвярах і ззаду.

Усяго ў міліцыю звярнулага 35 чалавек, але тэлефануюць і цяпер.

Юры Багушэвіч, старшы следчы Следчага камітэта Маладзечна  адзначыў:

– Сведкі гавораць, што хуліганаў было некалькі. Уласнікі машын сцвярджаюць, што заўважалі, як каля машын круцяцца невядомыя людзі. Адзін з уласнікаў нават бачыў, як нехта скакаў па машыне, якая стаяла воддаль. Аднак не звярнуў на гэта ўвагу, не выклікаў міліцыю і пайшоў спаць. Раніцай жа ўбачыў, што дах на машыне пашкоджаны.

Узбудзілі крымінальную справу паводле артыкула 339 часткі 2 “Хуліганства, здзейсненае групай асоб”.