30 жніўня. 210 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ходзькі (сапр. Барэйка, 1804 – 1891), беларускага паэта, фалькларыста, славіста, усходазнаўца. Ён першым з еўрапейцаў апісаў і прааналізаваў фальклор туркмен, эпас Кёр-Аглы, вершы туркменскіх паэтаў. Нарадзіўся ў мястэчку Крывічы, цяпер Мядзельскі раён.

***

60 гадоў з дня нара­джэння (1954) Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

***

1929 год. 85 гадоў таму ва ўзросце 25 гадоў памёр ад тыфу Паўлюк Трус, беларускі паэт. Пахаваны на вайсковых могілках у Мінску.  

***

31 жніўня. 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Грубэ (1894 – 1980), беларускага скульптара, народнага мастака Беларусі. Старшыня праўлення Саюза мастакоў БССР (1942 – 1944). Працаваў у галіне станковай сюжэтнай кампазіцыі, рэльефу, манументальнай пластыкі. Адна з вядомых работ – “Раб”, а таксама “К. Каліноўскі”, “Плач”, іншыя.

***

1835 год. Памёр Людвік Міхаіл Пац, вайсковы дзеяч, удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў.

***

1 верасня. 80 гадоў з дня нараджэння Ліі Салавей (1934), беларускай фаль­кларысткі. Кандыдат філалагічных навук. Складальніца тамоў “Балады” (кн.1–2, 1977–78), “Веснавыя песні (179), “Валачобныя песні” (1980), “Жаніцьба Цярэшкі (1993) са збору “Беларуская народная творчасць”.  Нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі Мя­дзельскага раёна.

***

1939 год. 75 гадоў таму германская армія напала на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна.

***

1990 год. У Мінску адчынілася першая гімназія імя Францішка Скарыны.

***

2001 год. У Маладзечне ўстаноўлены помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму.

***

1431 год. Падпісанае перамір’е вялікага князя літоўскага з Каралеўствам Польскім, паводле якога апошняе прызнала Свідрыгайлу вялікім князем і ўладаром усіх зямель княства.

***

3 верасня. 1927 год. Нарадзіўся Алесь Адамовіч, пісьменнік, грамадскі дзеяч.

***

4 верасня. 155 гадоў з дня нараджэння Браніслава Эпімаха-Шыпілы (1859 – 1934), дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўца, літаратуразнаўца.