Пасля серыі з трох выяздных матчаў футбольны клуб “Смаргонь” нарэшце гуляў дома.

Смаргонцы 4 кастрычніка сустракаліся з “Гомельчыгунтрансам”. “Смаргонь” перамагла з лікам 2:0.

Першы гол у самым пачатку другога тайма забіў Ігар Нарожнік. На 69-й хвіліне чарговы раз вызначыўся Мікалай Рындзюк. Мікалай – лепшы бамбардзір “Смаргоні”. На яго рахунку 14 галоў.

– Першы тайм прайшоў не так як мы планавалі, – казаў пасля матчу галоўны трэнер “Смаргоні” Павел Бацюта (яго словы прыводзіць афіцыйны сайт клуба). – Каманда саперніка вельмі кампактна гуляла ў цэнтры поля, дзе ў нас практычна не было свабодных зон для развіцця атакі. У перапынку мы ўнеслі карэктывы. Задача была “разагнаць” нашыя атакі на флангах, дадаць у каманднай хуткасці пры пераходзе з абароны ў атаку. У другім тайме гэта атрымалася, мы забілі два галы, маглі забіваць яшчэ.

 – Другую гульню запар, улічваючы наяўнасць траўміраваных, каманда гуляе ў трохі нязвыклым складзе. Што скажаце пра гульцоў, якія нарэшце- атрымалі шанец выйсці ў аснове?

 – І Казко, і Нарожнік правялі свой гульнявы ​​час на поле старанна, паўдзельнічалі ў першым узяцці варот. Пасля перадачы з флангу Казко, Нарожнік забіў гол. Цяпер усё залежыць ад іх. Мы ім давяраем, яны пацвярджаюць гэта на поле, гэта ідзе толькі на карысць камандзе.

Наступны матч “Смаргонь” згуляе 11 кастрычніка ў гасцях супраць “Речыцы-2014”. Каманды ў турнірнай табліцы падзяляе два месцы і два ачкі. “Смаргонь” ідзе чацвёртай з 37 ачкамі, “Рэчыца-2014” – шостай (35 ачкоў).  

Гульню можна будзе паглядзець на афіцыйным сайце клуба, на старонцы “Анлайн” у раздзеле “Мультымедыя”.