Што апрануць заўзятару, каб не толькі падчас матча быць самым стыльным і модным, а выглядаць так заўжды?

З надыходам халадоў аматар сваёй улюбёнай хакейнай каманды можа не турбацца наконт таго, што ён замерзне. Заўзятары могуць набыць сабе байкі з хакейнымі прынтамі.

Калі раптам падчас матча стане горача, пад новенькую байку можна апрануць кашулю-пола або прыгожую майку. Які колер пасуе да вашых вачэй: сіні, шэры ці паласаты – вырашаць вам.

Усе рэчы ёсць і ў жаночым варыянце, таму заўзятаркам не трэба выбіраць паміж камфортам і прыгажосцю. 

Заўзятар Антон Юхневіч прызнаўся, што да зімы падарыў сваёй каханай, якая ходзіць з ім на матчы, цёплую шапку “Дынама”:

– Ёй так пасуе бела-сіні колер!

А сабе замовіў джэрсі з ўласным імем.

Самыя маленькія заўзятары або дзеткі шчырых заўзятараў таксама не засталіся па-за ўвагай.

Каб дзіця з ранняга ўзросту ведала, што яно выхоўваецца ў сям’і заўзятараў, у гардэроб яму вы можаце набыць паўзункі, нагруднікі і бодзі. І каб дзіця не плакала ў выпадку пройгрышу сваёй каманды, можна купіць “дынамаўскія” цацкі – мяккіх зубранятаў.

У заўзятаркі каманды Таццяны Благавешчанскай да рэчаў стаўленне асаблівае. Дынамаўскіх у яе гардэробе шмат.

У падарунак  –дынамаўскую касметычку

Сябры, ведаючы пра Таццяніна захапленне, на дзень нараджэння падарылі ёй джэрсі белага колеру. І сама Таццяна ведае, чым парадаваць сябровак.

– Ну ці не прыгажосць падарыць лепшай сяб­роў­цы касметычку “Дынама”? – кажа Таццяна.

Па-за хакейнымі матчамі гардэроб Таццяна не мяняе. Носіць і майкі, і байкі, і кепкі.

– Нас, хворых на ўсю галаву заўзятараў, здалёк відаць нават не ў хакейны сезон, – жартуе Таццяна. – Цяпер вельмі хачу набыць чахол на тэлефон. Вось чакаю, калі з’явіцца ў продажы.

Акрамя рэчаў, якія можна апрануць, у запасе распрацоўшчыкаў шмат усяго для дома і аўтамабіля. Гэта і падушкі, і ручнікі, і дыванкі.

Каб шанцавала, апранаю тыя рэчы, у якіх нашы хакеісты перамагалі

Заўзятарка Анастасія Маленькіх да тых рэчаў, у якіх наведвае матчы, ставіцца як да талісманаў:

– Каб пашанцавала ў якой-небудзь маёй асабістай справе, я апранаю рэчы, у якіх хадзіла на хакей тады, калі мая каманда перамагла. Ведаеце, заўсёды працуе! Сябры заўсёды мне дораць дынамаўскія сшыткі, а я мару пра дыван на сцяну. Спадзяюся, ён хутка з’явіцца ў продажы.

Але не на ўсіх рэчах, якія вырабляюць для заўзятараў, ёсць прынт “Дынама-Маладечна”. Таму з пытаннем, ці з’явяцца яны ў Мала­дзечне, мы звярнуліся да спецыяліста аддзела маркетынгу ХК “Дынама-Маладзечна” Сяргея Філіпава:

– Усе прынты, эмблемы ўжо даўно распрацаваныя і гатовыя! У лістападзе яны з’явяцца ў Маладзечне. Таму самым шчырым заўзятарам не давядзецца ехаць у Мінск за пакупкамі.

Аднак Сяргей Філіпаў адзначыў, што прынт “Дынама-Маладзечна” з’явіцца хутчэй на адзенні, чым на аксесуарах накшталт падушак, цацак ці дыванкоў. Але запатрабаванасць усіх рэчаў будзе правярацца попытам і цікавасцю пакупнікоў.

Нагадваем, што бліжэйшы дамашні матч каманды “Дынама-Маладзечна” адбудзецца 24 кастрычніка. Маладзечанцы будуць супрацьстаяць хакеістам клуба “Ліда”. Пачатак сустрэчы ў 18.30. У нядзелю, 26 кастрычніка, у Маладзечна завітае ХК “Нёман” з Гродна. Пачатак гульні ў 17.00

Каляровую ляльку ў вялікім памеры можна спампаваць і раздрукаваць  тут.