На мінулым тыдні Мінскі абласны драматычны тэатр прымаў у сябе гасцей з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска.

Фотагалерэя месціцца ўверсе справа. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Маладзечанскія гледачы ўбачылі тры спектаклі для дарослых. У аўторак паказалі трагікамедыю “Пахавайце мяне за плінтусам”, у сераду – “Дыліжанс” па матывах твора Гі дэ Мапасана “Пышка”, у чацвер коласаўцы паказвалі “Пазычанае шчасце”. У Маладзечне быў 127 паказ гэтага спектакля.

Масква слязам не верыць па-віцебску

Гісторыя, пра якую распавядаецца ў спектаклі  “Пазычанае шчасце”, старая як свет.

Правінцыяльная дзяўчына, якую выхоўвае адзін бацька, марыць стаць настаўніцай. Дзеля гэтага яна пакідае родную вёску і едзе ў вялікі горад. У цягніку знаёміцца з маладым, бесклапотным хлопцам Валерам.

Падзеі далей развіваюцца па сцэнары ўсім вядомага савецкага фільма. Хлопец спакушае дзяўчыну, яна ад яго зацяжарвае, але Валеры жаніцца нават не думае. Няшчасная Алачка едзе ў сваю вёску выхоўваць дачку адна.

Але каб пазбегнуць ганьбы і абгавораў у вёсцы, сяброўка Алы Раіса “пазычае” ёй свайго мужа, каб тая магла фотаздымак з вяселля паказваць у вёсцы.

Праходзіць дваццаць гадоў. Дачка Алы Валерыя збіраецца замуж. І тут падман 20-гадовай даўніны выкрываецца. Валерыя знаходзіць свайго бацьку, які так і не стаў шчаслівым, і запрашае яго на сваё вяселле. У канцы спектакля Ала і Валеры сустракаюцца, але нельга двойчы ўвайсці ў адну раку…

“Было адчуванне, што мяне падманулі”

Прызналася пасля спектакля глядачка Ганна Дараховіч.

– Столькі недарэчнасцяў я яшчэ не бачыла. Хаця былі моманты, дзеля якіх варта дараваць маленькія хібы. Акцёр, што выконваў ролю “пазычанага” мужа, вышэй за ўсякую пахвалу.

І сапраўды, у спектаклі недарэчнасцяў было шмат. Па-першае, галоўная гераіня. Ролю Алы выконвала віцебская актрыса Ніна Обухава. Увагу ўвесь час адцягвала тое, што яна вельмі мітусілася па сцэне і ўвесь час здымала абутак.

У другім акце па сюжэце прайшло 20 год. Ала нарадзіла дзіця ў 19 год. Атрымоўваецца, што ёй цяпер 39 гадоў. Але на сцэне замест 40-гадовай, яшчэ зусім маладой жанчыны, мы бачым старую, якая не да месца крывіць ногі і спіну. Акрамя здзіўлення і адчування падману, іншых эмоцый гераіня не выклікае.

Калі разбірацца ў драбязе, то такіх непаразуменняў для аднаго спектакля было зашмат.

І тое, што бацька праз 20(!) год пазнае чалавека, якога толькі аднойчы бачыў на фотакартцы. І што Ала, нягледзячы на тое, што жыла ў сяброўкі і ведала, што яна цяжарная, праз 20 (!) год здзіўляецца таму, што ў яе ёсць дзіця.

І яшчэ адзін эпізод, які выклікаў усмешку і адчуванне таго, што гледача трымаюць за дурня. Штучныя кветкі. Жаніх Валерыі прыносіць ёй выцвілыя, некалі ружовыя штучныя кветкі, якіх не існуе ў прыродзе, яны нечым нагадваюць званочкі.

Валерыя бярэ іх і кажа: “Рамонкі, мае любімыя, я зараз буду варажыць на рамонках, ці кахаеш ты мяне”… 

Магчыма, гэта прыдзіркі, але агульнае ўражанне ўсё ж такі сапсаванае.

Зрэшты, не ўсім гледачам спектакль падаўся незразумелым. Глядачка Дар’я Астахава кажа:

– Калі казаць праўду, то сапраўды, першы акт спектакля быў трохі заблытаны, не ўсе моманты былі адразу зразумелыя. Сімвал маланкі, напрыклад. Другі ж акт быў мне як гледачу больш зразумелы. Ён месцамі быў нават трагічны, я аж заплакала ад перажыванняў. Так расчулілася трагедыяй акцёраў. Спектакль вельмі добры. Я яшчэ паглядзела б што-небудзь такое пра любоў і здраду.

Не трэба рабіць са спектакля дакументальнае кіно

У глядзельнай зале ў чацвер быў аншлаг. Сярод прысутных быў акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра і Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Алег Чэчанеў.

Мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаннямі ад спектакля.

– Спектакль нагадвае старую добрую меладраму 80-х гадоў. Магчыма, таму ён цягам пяці год карыстаецца папулярнасцю ў гледача. 

Алег Чэчанеў заўважыў, што калі ў спектаклі і былі некаторыя недарэчнасці, то гэта хутчэй пытанне да драматурга, а не да акцёраў і рэжысёра.

– У спектаклі шмат сімвалаў. Увогуле не трэба ставіцца да яго, як да дакументальнага кіно. Гэта ўсё ўмоўнасці, без якіх спектакль бы не адбыўся.

На пытанне, хто з акцёраў спадабаўся больш за іншых, Алег быў катэгарычны:

– Адназначна Юрась Цвірка. Ён выконваў ролю Барыса, “пазычанага” мужа. Я бачыў Юрася год таму. Заўсёды здзіўляюся, як пры мінімуме тэксту гэты акцёр можа стварыць сабе сапраўдны бенефіс.

Гледачы пагадзіліся ў адным – фінал спектакля пакінуў пытанні. Ці можна ўвайсці ў адну раку двойчы? Ці даруе Валеру Ала? Яна ж усе гэтыя гады жыла з пачуццём кахання да таго, хто ёй здрадзіў.

Паважаны глядач, рашаць табе.