У спісах зарэгістравалася сто ўдзельнікаў абмеркавання. Выступіла больш за 20, кожны са сваім разуменнем, як пабудовы негатыўна адаб’юцца на іх сям’і.

Грамадскае абмеркаванне ацэнкі ўздзеяння двух гіганцкіх свінакомплексаў на Маладзечаншчыне прайшло пад воплескі для выступоўцаў і абураныя воклічы для распрацоўшчыкаў праекта. Яно адбылося ў райвыканкаме ў панядзелак, 1 снежня, і доўжылася дзве з паловай гадзіны. Разыходзіліся пасля 20:30.

Выступоўцаў непакоілі ці абуралі розныя пытанні. Некаторыя знайшлі прамыя памылкі ў падліках праектантаў, іншыя ўпэўненыя, што іх падманваюць завярэннем пра сучасныя тэхналогіі, якія насамрэч танныя. Частка незадаволеная, што іх мала інфармуюць па гэтай тэме. Большасць заклапочаная, што ад свінакомплексаў будзе смярдзець, а адходы пашкодзяць экалогіі. І ў выніку чакаюць наступствы ад падзення цэн на жыллё на паўднёвым усходзе горада і вёсках каля яго да катастрафічнага  пагаршэння здароўя.

“Чакаць, пакуль вырасце лес, нельга”

 

У прэзідыуме былі члены камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні грамадскіх абмеркаванняў справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) пабудовы свінакомплексаў, распрацоўшчыкі праекта з кампаніі “Агрыка” і заказчык – дырэктар кампаніі “Вялес-Міт” Алег Іваноў.

Распрацоўшчык праекта Аркадзь Юдасін пачаў выступленне з тлумачэння. Свінакомплексы ў Мойсічах і Соўлава плануюць магутнасцю ў сто тысяч галоў, але адначасова на ім будзе каля 50 тысяч. Свіней гадуюць 150-180 дзён, і такім чынам адбудзецца два абароты ў год.

Людзі не хацелі слухаць распрацоўшчыкаў пра перавагі праекта. Яны хацелі выказацца, чаму рэалізоўваць яго нельга.

Першай ўзяла слова жанчына Улада, якую непакоіць, што свінакомплексы плануюць ставіць у голым полі:

− Што ў нас, так ужо зусім няма дзе? Вы паглядзіце, якія ў нас прасторы – ні лесу, ні кустоў!

На пытанне адказаў Аркадзь Юдасін:

− Гледзячы на карту, здаецца, што зямлі нямала. Але калі пачынаеш падбіраць участак пад будаўніцтва, уступаюць у дзеянне шматлікія нормы. Мы аб’ездзілі раён не адзін раз і рэальна на землях падабралі сапраўды два ўчасткі. Па праекце як кампенсуючая мера прадугледжаная лесапа­ласа.

− А калі ж яна вырасце?! − абурана пытаецца Улада разам за залай.

− Цяпер такая абстаноўка ў дзяржаве, што чакаць, пакуль вырасце лес, нельга.

Знайшлі памылку: у разліках аб’ёмы лагун зменшылі ў пяць разоў

Жыхар Валожынскага раёна Уладзіслаў выступіў з канкрэтнымі заўвагамі паводле памылак, якія ён знайшоў у справаздачы, і шэрагам заўваг па лічбах. Напрыклад, агульны аб’ём вытворчых сцёкаў па­водле АУНА − 315,4 кубічныя метры за суткі. Але паводле рэспубліканскіх нормаў тэхналагічнага праектавання, аб’ём павінен быць 492 кубаметры − лічба атрымліваецца ў 1,5 раза большай.

Другую памылку ён заў­­важыў у разліках аб’ёму лагун. Адходы зоймуць 115 тысяч кубаметраў у год, а лагуны разлічаныя на 22 тысячы. Куды будзе дзявацца астатняе? Розніца − у пяць разоў.

Уладзіслаў заўважыў і іншыя нестыкоўкі, якія таксама даслаў у выканкам. Распрацоўшчык адказаў, што ў тым і мэта абмеркаванняў, каб знайсці магчымыя хібы. І дадаў, што гэтак жа, як сабралі подпісы супраць свінакомплексаў, можна сабраць подпісы і за іх.

Ці гатовы заказчык плаціць за бяспеку

 

Каб супакоіць залу, слова ўзяў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Бажко:

− Вы ж у прынцыпе не супраць, каб былі свінакомплексы, не будзем жа мы кожны ў сваім двары гадаваць свіней. Але мы не хочам, каб было негатыўнае ўздзеянне. Таму і просім распрацоўшчыкаў даказаць, што такога ўздзеяння не будзе. Ці гатовы навуковец адказаць, што ёсць прыёмы, каб пазбегнуць негатыву, і ці гатовы заказчык заплаціць за іх?

Зала прыняла словы дасведчанага чыноўніка. Але пасля яго некалькі чалавек выступілі з пытаннямі, дакладнага адказу на якія не атрымалі.

Адзін чалавек скардзіўся, што вёска Канюшаўшчына ў Валожынскім раёне задыхаецца. Нават стоячы спіной да ветру, чуваць смурод, нягледзячы на новыя тэхналогіі, што прымянілі пры пабудове вялікага комплексу.  

Другі пытаўся, як можна ставіць свінакомплекс так, што пры выбуху эпідэміі ў ім у санітарную зону трапляе амаль стотысячны горад. Пазней галоўны ветэрынарны доктар раёна Мікалай Малінец адказаў, што ёсць рашэнне райвыканкама скараціць пяцікіламетровыя буферныя зоны да двух для свінакомплексаў і да 500 метраў для свінафермаў.

Навошта гіганцкі комплекс?

Выступіў дырэктар бюро ацэнкі і экспертызы Аляксандр Кавалёў:

− Мяне як жыхара Рагазаў, пасёлка непадалёк ад Мойсічаў, пах непакоіць вельмі моцна. У мяне ёсць лецішча ў Пяршайскім раёне на Валожыншчыне, там будуюць свінакомплекс. Усе мясцовыя жыхары, я не буду казаць, якімі словамі гавораць пра гэты праект. Увесь свет імкнецца будаваць невялікія комплексы. Калі здараецца нейкая аварыя, лакалізаваць невялікі ўчастак нашмат прасцей, чым справіцца з гіганцкай катастрофай. Чаму вы сцвярджаеце, што сусветны досвед − гігантаманія?

Наступнай выступіла маладая мама з мікра­раёна Усходні:

− Мойсічы, Мыслевічы, Раеўшчына, Адамавічы, Фестывальны, 6-ы і Усходні мікрараёны го­рада − цалкам прадзімаюцца ветрам. Там голае поле. Ва Усходні мікрараён пераехалі маладыя сем’і з малымі дзецьмі. Гэта наша будучыня. З таго боку, дзе вы плануеце ставіць сваю свінаферму, дзьме вецер. Вядома, вы там не жывяце і вам не прынцыпова. Але я як мама баюся за будучыню свайго дзіцяці. Чаму яно павінна ўсё гэта нюхаць?

Дзе праверыць, як працуе комплекс з аналагічнымі тэхналогіямі

Зала патрабавала назваць свінаферму, пабудаваную па тэхналогіях, якія распрацоўшчыкі праекта лічаць бяспечнымі і сучаснымі. Назвалі ТАА “Забалоцкі” ў Любанскім раёне і прапанавалі праверыць, ці ёсць пах каля яго. Праектанты дадалі, што кампанія “Агрыка” пры праектаванні прымяняе тыя ж тэхналогіі, што ў таварыстве “БелДан” у Ляхавіцкім раёне.

На гэта жанчына з залы, Марына, адказала, што цяпер дацкія тэхналогіі ва ўсім свеце лічаць шкоднымі.

У адказ зала пачула, што канцэнтрацыя свіней у Даніі ў пяць разоў большая, чым у Беларусі. Таму сапраўды ў Даніі праблема ёсць, у Беларусі пакуль не. З залы скептычна заўважылі:

− Ага, дык давайце ўстроім.

Хто кампенсуе патаннелае жыллё?

Некаторых хвалюе пытанне жылля. Муж­чына распавядае:

− У маі 2012 года, адстаяўшы ў чарзе 15 год, мы атрымалі ўчастак у вёсцы Раеўшчына. Як аказалася, у непасрэднай блізкасці да меркаванага свінакомплексу, менш чым у кіламетры. Я правёў там газ, ваду. Я, мая сям’ я і мае дзеці не хочам жыць каля комплексу. Будоўлю мы распачалі, участак прадаць я не магу. Горад павінен ведаць пра перспектыўныя праекты, пра гэты мяне не папярэ­дзілі. Мяне ніхто не пытаўся. Я іншы ўчастак узяў бы, каб ведаў. Пенсія не для таго, каб пісаць лісты ў санстанцыю і дзяцей сваіх лячыць, нам хапіла Чарнобыля.

У адказ яму прапанавалі запісацца на асабісты прыём у выканкам.

З залы яшчэ некалькі чалавек выказаліся, што і жыць будзе немагчыма, і жыллё не прадасі.

Абяцалі, што паху не будзе ля Пяршаяў

На абмеркаванні выступіла яшчэ адна жыхарка з Валожыншчыны з пытаннем да распрацоў­шчы­ка праекта:

− Я хачу вярнуцца да свінафермы ў Валожынскім раёне каля Пяршаяў. Вы параілі, куды звяртацца, таму што там ёсць парушэнні. А ці не вы рабілі справаздачу аб АУНА той фермы? У 2012 годзе на грамадскіх абмеркаваннях вы ж і гаварылі роўна тое самае: што вы разлічылі канцэнтрацыю, як будуць рассейвацца забруджвальныя рэчывы, і што ў санітарнай зоне яны будуць у межах дапушчальнага.

Распрацоўшчык параіў разабрацца, адкуль смярдзіць. Дадаў, што людзі  толькі гаварылі, што пахне, але ніхто не зрабіў ні кроку, каб разабрацца ў прычыне.

Каровы ходзяць у пеньюарах

 

Жанчына з залы гуч­на абуралася:

− Два гады таму пры рэканструкцыі мясакамбіната міжнароднай кампаніі “Трайпл-Вялес” выбухнуў аміяк. 110 машын будаўнічых адходаў вывезлі ў вёску Гаравіны Цюрлёўскага сельсавета ў выгрузілі ў 40 метрах ад дамоў. Я выклікала экалогію, пракуратуру, райвыканкам. Летась прыйшла на прыём з работнікамі выканкама на чале са старшынёй, дзе мяне заверылі, што ўсё прыбяруць. Прайшоў год. Некалькі фур вывезлі. Але засталася гарадская звалка будадходаў.

Жанчына прыгадала, што непадалёк ёсць ферма для кароў:

− Кіламетр ад 6-а мікрараёна. Ферму для кароў як пабудавалі ў 1950-х гадах, так і кінулі. На скаргі адны адпіскі: каровы ходзяць у пакаёвых тапках, цяляты ў пеньюарах. А ідзе жыжа такая, што мы не жывём, людзі кінулі ўжо два дамы.

Інжынер лічыць, што заказчык эканоміць

Далей выступіў мужчына, які назваўся інжынерам:

− Каля мяжы горада, Рагазаў нам гэты свінакомплекс не патрэбны. І не трэба, каб з часам ён трапіў ў межы горада. Сцёкі куды ідуць? На поле. Вы сёння, спадар дырэктар, кажаце, што выдаткоўваеце каласальныя сродкі на ачышчальныя збудаванні. Вашы ачышчальныя на два мільёны − гэта нішто. Я кажу як інжынер. Сёння на такі комплекс ачышчальныя збудаванні мінімальна павінны каштаваць 7-8 мільёнаў еўра. Я разумею, што месца вы выбралі таму, што там газ, вада, дарога. Але вы зусім забылі пра людзей. Мне здаецца, гэта вельмі кепска. Я жыву там побач. Знайдзіце іншае месца. І 50 тысяч галоў, напэўна, столькі не трэба. Таму што столькі г…на − гэта катастрофа.

Педыятр: штогод і так усё больш дзяцей-інвалідаў

 

Доктар-педыятар дзі­цячай паліклінікі:

− Я працую педыятрам не адзін дзесятак год. Я бачу, што кожнае пакаленне фізічна слабейшае за папярэдняе. Я заклікаю падумаць пра дзяцей, унукаў і праўнукаў. Ці не замнога для Мала­дзечна: вялізны мясакамбінат, свінакомплекс з аднаго боку, з іншага? Горад бяруць у абцугі. Мясакамбінат размешчаны зусім побач з водазаборам “Крыніца”, які сілкуе палову горада. Другую палову сілкуе водазабор у Гелянове, Мойсічы непадалёк. Усе сцёкі трапяць у грунтавыя воды, і праз некалькі дзесяткаў год мы не зможам піць ваду з-пад крана зусім. Нам мала Чарнобыля? Інвалідаў штогод усё больш. Экалогія  на першым месцы павінна быць.

Што рабіць, каб не дапусціць будоўлю комплексаў?

З такім пытаннем звярнулася некалькі прысутных. Збіраць подпісы, пісаць лісты ў выканкам, заказаць прыватную экспертызу?

На гэта старшыня камісіі Генадзь Актанаровіч адказаў, што ўжо ўсё зроблена і крык душы мала­дзечанцаў улады пачулі, а ўсе заўвагі запішуць у пратакол. Ён падкрэсліў, што рашэнне па будаўніцтве яшчэ не прынятае.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Святлана Хрусталёва паведаміла, што, паводле генеральнага плана забудовы, Маладзечна будзе расці ў бок Мінска, і паўднёвыя вёскі ў рысу горада не ўвойдуць.

Дырэктар кампаніі “Вялес-Міт” звярнуў увагу, што чым большы свінакомплекс, тым лепшую экалагічную абарону прадугледжвае. А свінакомплексы такіх магутнасцяў неабходныя для загрузкі мясакам­біната на Параш­ках:

− Сёлета ў Беларусі пагалоўе скарацілася на 20%. Яшчэ такі годзік − і будзе харчовая катастрофа ў краіне. Але ўсе вашы заўвагі мы будзем разглядаць.
Праектанты падкрэслілі, што рэалізацыя праекта магчымая толькі пры выкананні ўсіх нормаў і правілаў.

Напрыканцы жыхар з Валожыншчыны паскардзіўся, што абмеркаванні праходзяць толькі для маладзечанцаў, хаця некалькі валожынскіх вёсак ўваходзяць у двухкіламетровую зону свінакомплексу ў Соўлаве. Валожынцаў жа ніхто не папярэджваў і нічога не пытаўся пра будаўніцтва. Ён перадаў 560 подпісаў супраць пабудовы.

Распрацоўшчык праекта паведаміў, што праектную дакументацыю перадае кампаніі “Экадом”, якая правядзе незалежную экспертызу справаздачы.

Плэйліст грамадскіх абмеркаванняў цалкам

Эколаг бачыць хібы ў праектаванні свінакомплексу ў трох кіламетрах ад Маладзечна

З’явілася петыцыя супраць будаўніцтва свінакомплексаў на Маладзечаншчыне