Яшчэ гадоў дваццаць таму я чуў у жывой гутарцы нестарых яшчэ людзей слова арбон. Дапускаю, што і сёння той-сёй на Ашмяншчыне ці Смаргоншчыне ўжывае гэта слова. У дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя ўся Віленшчына карысталася ім. Арбон – гэта аўтобус. Разгорнем старыя падшыўкі.

Першы нумар віленскай газеты “Słowo” за 1932 год. Новы год. 1 студзеня. На пятай старонцы змешчаная кароценькая, літаральна ў два сказы, інфармацыя, праілюстраваная фатаграфіяй: “Сёння з’явяцца першыя экіпажы “Арбона”.

“Сёння “Арбон” пускае 21 экіпаж для абслугоўвання першых чатырох аўтобусных ліній. Да 6 студзеня лічба аўтобусаў павялічыцца да 32 машын”.

“Арбон” – сумеснае польска-швейцарскае акцыянернае таварыства, названае па імені горада ў Швейцарыі, дзе выпускаліся дызельныя аўтобусы “Саўрэр”. Але “Саўрэры” хутка сталі называцца ў Варшаве і Вільні “Арбонамі”.

“Арбоны” – прычына шматлікіх віленскіх здарэнняў. Ад дарожна-транспартных да карупцыйных скандалаў.

Ужо ў №3 за 5 студзеня “Słowo” паведамляла аб першым ДТЗ  з удзелам гэтага дызельнага аўтобуса.

Газета пісала, што 4 студзеня на вуліцы Вялікай з нявысветленых прычын, але “хутчэй з-за страты кантролю кіроўцы над машынай”, аўтобус, які ехаў з пасажырамі, у момант, калі праязджаў ля ратушы, скіраваў у бок і з усім імпэтам урэзаўся ў прыпаркаваныя сані.

Здарэнне адбылося настолькі нечакана, што агорнутыя панікай пасажыры аўтобуса спрабавалі выскачыць на праезную частку. “…Тым больш, што аўтамабіль імкліва набліжаўся да сцен ратушы. І каб адбылося сутыкненне, з агромністай машыны засталіся б толькі шчэпкі. Усё скончылася трыма разбітымі санямі. З людзей ніхто не пацярпеў”.

У наступным нумары “Słowo” друкуе допіс нейкага віленчука, які схаваўся за псеўданімам “Прахожы”:

“Новы 1932 год мы пачалі пад знакам “Арбона”! Дастаткова выйсці на вуліцу, каб пабачыць прыгожыя аўтобусы, якія праязджаюць праз роўныя адрэзкі часу. Вось зноў набліжаецца адзін з іх…

Шыкоўны фаэтон займае палову праезнай часткі. Попельны знізу, шэра-жоўты ўгары, перацягнуты чырвоным пасікам, дастойна пад’язджае да прыпынку, а пасля хвілінкі рушыць далей…

А як шыкоўна перасоў­ваецца гэты аўтамабільны Левіяфан па вузкіх вулачках Вільні! Вока не адарваць! Асабліва на паваротах, калі здаецца – яшчэ момант і жахлівая туша “Арбона” раструшчыць вугал камяніцы. Найменш – уздыме ходнік.

А тым часам – нічога, хвала богу, усё ў парадку! Не дзівіся, што брычкі, таксоўкі і іншая вулічная драбяза разлятаюцца перад “Арбонам” як плоткі перад кітом!..

Яшчэ больш уразліва выглядаюць “Арбоны” з наступленнем змроку… Ужо здалёк відаць дзве моцныя белыя фары знізу аўто і трэцяя, зялёная, з нумарам маршруту, – угары. Пад верхняй фарай – вялікая шкляная шыльда з назвай маршруту, таксама бачная здалёк дзякуючы унутранаму падсвятленню. Вокны асветленага аўто прасвечваюцца спераду зялёным, па баках белым!.. Ззаду аўтобуса тры чырвоныя сігнальныя ліхтары… Інакш кажучы – сапраўдны парад!

Нават глядзець задавальненне, не кажучы пра тое, што ездзіць! І яшчэ, асабліва ў першыя дні, людзі глядзелі, як на якое дзіва, а ездзілі не дзеля патрэбы, а для прыемнасці, “на спробу”!

І адно толькі псуе паўсюдную радасць – клубы смярдзючага дыму з-пад “Арбонаў” ў часе язды! Кажуць, што гэта часовае – і ці гэта так істотна! – бо інакш прыйдзецца хадзіць па вуліцах горада ў процівагазах”

Акцыянернае таварыства “TOMMAK” у Вільні, дачка АТ “Арбон”, на працягу ўсяго 1932 года было ў цэнтры публічнай увагі. То з-за згаданага чаду з выхлапных труб. Аўтобуснікам нават забаранялася ажыццяўляць рух у некаторыя гадзіны. То з-за невыгоднасці прыступак. Састарэлыя і інваліды не маглі без цяжкасцяў забрацца ў салон.

З гэтым нават звязаны амаль анекдатычны выпадак. Вальдэмар Ваўканоўскі піша на сайце www.wilnoteka.lt аб наступным.

У лютым у Вільню з Варшавы прыехала група інжынераў, каб ра­забрацца з шэрагам скаргаў пасажыраў. Інжынер Кар (Carr), які тэставаў паездкі па гора­дзе, высаджваючыся з аўтобуса… зламаў сабе нагу. Ніхто ўжо не аспрэчваў неабходнасці пераробкі прыступак.

Аўтобусы, нягледзячы на шэраг відавочных мінусаў, усё ж вырашалі праблему перавозак. У студзені 1932 года ў сталіцы нашага краю Вільні гарадскім транспартам карысталіся што­дзённа 30 тысяч пасажыраў.

Канешне, сёння прыйдзецца пашукаць чалавека, які з лёту адкажа на пытанне: “Што такое арбон?”. Але “Арбоны” засталіся ў гісторыі Вільні  і Віленшчыны. Нягледзячы на тое, што добра-такі давалі чаду. У прамым сэнсе:).

Пераклад газетных тэктаў з польскай.

Даведка “РГ”. Газета “Słowo” выдавалася ў Вільні ў 1922-1939 гадах. Выданне выходзіла штодня, акрамя паслясвяточных дзён. У 1932 годзе гэта газета мае ад 4 да 6 старонак. Тут падаецца інфармацыя з усяго свету, з Польшчы, з Вільні, як галоўнага горада нашага краю, і Віленшчыны. Заснаваў газету выдавец і журналіст Станіслаў Мацкевіч.