Маладзён з лістапада 2013 па красавік 2014 года пад рознымі падставамі схіляў грамадзян да набыцця мабільных тэлефонаў у растэрміноўку.

Аднак выконваць абавязацельствы па выплаце штомесячных плацяжоў не збіраўся.   

– Схемы ашуканскіх дзеянняў былі розныя, – расказала нашаму выданню афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. – У адных выпадках  маладзечанец абяцаў сам ажыццяўляць выплаты па растэрміноўцы, у іншых – казаў, нібыта можа выдаліць інфармацыю аб даўжніках з базы арганізацыі.

Грамадзяне ад 18 да 25 гадоў паддаліся на перакананні або за пэўную матэрыяльную ўзнагароду афармлялі растэрміноўку на куплю. Тэлефоны перадавалі ашуканцу. Пасля абвінавачваны іх перапрадаваў, а грошы марнаваў на асабістыя патрэбы.

Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне па крымінальнай справе. Жыхара Маладзечна абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя 104 чалавекі.

У выніку супрацьпраўных дзеянняў прычынена шкода на суму каля 635 мільёнаў рублёў. Палова з яе ў ходзе следства кампенсаваная.

Частка мабільных тэлефонаў знойдзеная і канфіскаваная. Маладзечанец заключаны пад варту.

Матэрыялы крымінальнай справы склалі 17 тамоў. Іх перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.