Адразу ўзнікла пытанне: “А няўжо міліцыя гэтага не ведае?”

– Ведаем, – тлумачыць оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Вілейскага РАУС Кацярына Курэц. – Аднак на падставе з’яўлення ў “Аднакласніках” закрыць вышуковую справу проста не можам. А доказаў свайго месцазнаходжанне грамадзянін нам не прадстаўляе.

Расказала яна, што віляйчанін паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург у кастрычніку 2012 года.

Доўгі час родныя кантактавалі з ім праз “Аднакласнікі”. А калі месяцы два не адгукаўся, то маці звярнуліся ў міліцыю з заявай пра знікненне. Было гэта сёлета ў пачатку верасня.

– Неўзабаве Уладзімір Кузміч зноў з’явіўся ў “Аднакласніках”, – працягвае  Кацярына. – Я пісала яму шмат разоў, прасіла пацвердзіць сваё месцазнаходжанне, каб закрыць справу. Таксама яго сваякоў, знаёмых прасіла, каб пераканалі яго. Аднак вынікаў гэта не прынесла.

Пацвердзіць сваё месцазнаходжанне можна некалькімі спосабамі. Прыехаць у Вілейку і прыйсці ў міліцыю, даслаць поштай напісаную ад рукі заяву з указаннем месца жыхарства. Ці нават проста паведаміць па тэлефоне ці  інтэрнэце свой дакладны адрас у Санкт-Пецярбургу. Тады б калегі-праваахоўнікі з Расіі праверылі, ці сапраўды мужчына там прыжывае і ўзялі  заяву аб спыненні вышуку.

– Аднак Уладзімір Кузьміч ні адным з гэтых варыянтаў не хоча скарыстацца, – кажа Кацярына. – Адразу адказваў, пісаў, што “жывы-здаровы”, жартаваў. А потым проста перастаў адказваць. Папраўдзе, цяжка зразумець яго нежаданне даць звесткі пра свой адрас. Таму мы вымушаныя працягваць яго шукаць.

Тым часам  Уладзімір паставіў сабе ў “Аднакласніках” статус: “Ды жывы я!”.  Папрасіў яго пракаментаваць сітуацыю – усё ж праз тую сацсетку. На момант падрыхтоўкі артыкула да друку адказу не было.

Віляйчанін паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург – месцазнаходжанне невядомае