На гэтым тыдні беларусы напружана адсочваюць навіны па курсе расійскага рубля, а таксама па беларуска-расійскіх адносінах. Якім чынам гэта адбіваецца на жыхарах рэгіёна і які прагноз бачаць эксперты?

Паведамленні пра тое, што ў абменніках Расіі няма валюты, а з паліц крамаў скупляюць тавары, ідуць на фоне нядаўняга абмежавання на пастаўкі беларускай мясной прадукцыі і забарону на ўезд у Расію транзітных цягнікоў з прадуктамі.

Як расійскі крызіс адбіваецца на мясцовым узроўні, мы папрасілі ацаніць намесніка генеральнага дырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях Маладзечанскага завода металаканструкцый (МЗМК) Дзмітрыя Купрыянава.

Ён тлумачыць, што падзенне расійскага рубля негатыўна ўплывае як на прамысловую, так і на харчовую вытворчасць. Традыцыйна асноўны рынак збыту для беларускіх прад­­пры­емстваў − расійскі. Гэта асабліва адчувальна для завода, які ў свой час меў саюзнае значэнне і адпаведна працуе з расійскімі партнёрамі, Прыбалтыкай.

Што тычыцца пошуку новых партнёраў, то дамагчыся гэтага няпроста. Еўрапейскія кампаніі ўжо маюць сталых пастаўшчыкоў. І хаця якасць свайго тавару Дзмітрый Купрыянаў лічыць някепскай, вялікіх надзей на еўрапейскага пакупніка не мае.

Ад новага года МЗМК плануе пастаўляць на Літву каля тысячы тон прадукцыі. Але глыбейшы рух на захад малаверагодны. Расія застаецца асноўным партнёрам, таму што менавіта яе рынак адпавядае магутнасцям завода. Пры аб’ёмах вытворчасці ў 20 тысяч тон на год неабходны сур’ёзны збыт. Апошнія мясцовыя праек­ты − мала­дзечанскія цэнтральная бібліятэка і спартыўна-забаўляльны комплекс. Такія заказы не загружаюць завод. Для працы на поўную моц неабходны продаж у Расіі.

50% загрузкі вытворчых магутнасцяў завода залежаць ад расійскага збыту.

Яшчэ адна праблема, якая стаіць перад заводам, − закупка сыравіны. Дробныя прадпрыемствы могуць закупляцца на ўнутраным пазабіржавым рынку. МЗМК абавязаны закупляць сыравіну на ўнутраным біржавым рынку, які ставіць больш высокія цэны.

Намеснік дырэктара МЗМК адзначае, што цяпер складана і завод мае страты, але крызіс часовы.

На пытанне, ці плануюць на заводзе скарачэнні, Дзмітры Купрыянаў адказвае:

− Скарачаць − гэта сацыяльна няправільны падыход. У нас не так проста знайсці працу, асабліва маладым спецыялістам і тым, у каго набліжаецца пенсія. Скарачаць не плануем. Для чалавека ж усё гэта робіцца. Каму трэба будуць высокія паказчыкі, калі не будзе чалавека.

Спецыяліст падсумоўвае, што з падзеннем рубля беларускі рынак сур’ёзна прагнуўся.

З паліц скупляюць тавары, каб укласці рубель у тэхніку ці іншыя тавары

З паліц скупляюць тавары, каб укласці рубель у тэхніку ці іншыя тавары

Рэальны курс рубля павінны вызначыць рынак

Аб тым, што чакае беларускі рубель, мы папрасілі даць прагноз эканаміста і аналітыка Сяргея Чалага.

− Ці можа Расія яшчэ абмежаваць пастаўкі з Беларусі?

− Пытанне рашаецца, ніякіх заяў я пакуль не чуў. Для чаго гэта ўсё было, незразумела. Магчыма, імкнуцца абме­жаваць імпарт.

− Якой вы бачыце перспектыву для прад­прыемстваў?

− Чым горш прадпрыемству, тым горш работнікам. Зарплата стане меншай. І калі ёсць пытанне са збытам, няма сэнсу працаваць на склад.

− Які прагноз па беларускім рублі на пачатак 2015 года?

− Цяперашні курс беларускага рубля завышаны, праблема абвастрылася. Вылічыць рэальны курс сёння немагчыма. Вызначыць яго можа толькі рынак. І магчыма гэта тады, калі Нацбанк перастане ўсё раўняць пад лінейку, чым ён займаецца ад жніўня 2013 года.

Неабходна даць самому рынку знайсці раўнавагу. Вядома, у прадпрыемстваў будуць праблемы з пастаўкамі, прадаваць больш няма каму. Любы расійскі крызіс ўмомант адбіваецца на Беларусі праз знешні гандаль.

Але львіная доля цяперашніх праблем створаная рукамі. Год таму беларускую праблему можна было вырашыць, цяпер жа ў нас толькі два шляхі: ці сцэнар 2009 года, ці 2011-га. Грошай віда­воч­на не хапае.

− Што б вы параілі шараговым беларусам?

− Пытанне, як праблему будуць вырашаць. Увесь 2011 год была прыкладна аналагічная сітуацыя, калі спрабавалі выплыць без дэвальвацыі. І да чаго прывяло? Мы гэта ўжо праходзілі, нашы людзі навучаныя крызісамі і хутка рэагуюць: ад кастрычніка-лістапада па­вы­сіўся попыт на валюту. Я не бачу крокаў, якія маглі б супакоіць сітуацыю. Усе дзеянні будуць запозненымі.

Эксперты адзначаюць, што крызіс − часовая з’ява.