Пастаянны камітэт Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў жыхарства ў Еўропе ўхваліў намінаванне 16 беларускіх асабліва падахоўных прыродных тэрыторый на ўключэнне ў “Ізумрудную сетку”.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у сетку прапануецца ўключыць Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальныя паркі “Белавежская пушча”, “Браслаўскія азёры”, “Прыпяцкі”, “Нарачанскі”, заказнікі “Спораўскі”, “Сярэдняя Прыпяць”, “Званец”, “Ельня”, “Выганашчанскае”, “Асвейскі”, “Альманскія балоты”, “Чырвоны Бор”, “Ліпічанская пушча”, “Сіньша” і “Швакшты”.

 “Ізумрудная сетка” – гэта экалагічная сетка, якая фарміруецца ў межах Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў жыхарства ў Еўропе на тэрыторыі краін, што не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз. Савет Еўропы заснаваў яе ў 1996 годзе для вырашэння задач фарміравання Еўрапейскай экалагічнай сеткі. У праграме па фарміраванні “Ізумруднай сеткі” ўдзельнічаюць сем краін – Беларусь, Расія, Грузія, Арменія, Азербайджан, Малдова і Украіна.