У выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча краязнаўчага музея 23 студзеня пачала экспанавацца выстава “Вілейскія далягляды” творчай суполкі “Абуджэнне” мастакоў з Мінска і Узды.

Суполка невялікая, але вельмі мабільная. Ужо некалькі гадоў яе ўдзельнікі наладжваюць творчыя падарожжы па раённых цэнтрах Беларусі і прапагандуюць рэгіянальную тэматыку. Яна ўключае самы папулярны пейзажны жанр жывапісу і графікі, а таксама гістарычныя і сучасныя вобразы ў партрэтным і сюжэтным жанрах.

Пасля завяршэння кожнай выставы мастакі перадаюць у дар музейным установам частку сваіх твораў, каб папоўніць мастацкія калекцыі, якія потым рэгулярна выстаўляюцца ў раёнах і выхоўваюць эстэтычныя густы нашых сучаснікаў.

Нястомны арганізатар перасоўных выстаў суполкі, уздзенскі мастак і педагог Андрэй Лычкоўскі пазнаёміў гледачоў са сваімі пейзажнымі вобразамі Міншчыны, сярод якіх шмат матываў вілейскага краю.

Яго тэмпераментным жывапісным творам уласцівы яскравы і аптымістычны каларыт. І самі матывы яго пейзажаў як бы заклікаюць у дарогу, каб наведваць усё новыя маляўнічыя мясціны роднай зямлі.

Фёдар Ладуцька прапануе ў сваіх пастэльных творах паглыбіцца ў свет цішыні, гармоніі і медытацыі на берагах рэк і азёр. Яго вобразныя адлюстраванні маюць вельмі прыцягальны, шматзначны і нават казачны характар. 

Яўген Шунейка і Уладзімір Сайко прысвяцілі свае эксперыментальныя творы тэматыцы Першай сусветнай вайны, якая пакінула на Вілейшчыне свае незабыўныя гістарычныя сляды. А таксама партрэтным вобразам, сярод якіх і мастакі-наватары Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра, якія ў 1920-х гадах пачыналі ў Вілейцы развіваць накірунак жывапіснага і скульптурнага   стылю “унізм”.

У  суполцы “Абуджэнне” толькі чатыры асноўныя ўдзельнікі. Але існуе  практыка запрашэння іншых калег у выставачныя праекты. На гэты раз госцем суполкі была мінская мастачка Вольга  Гацко, якая з’яўляецца аўтарам дэкаратыўных і святочных пейзажаў і нацюрмортаў. 

Вілейскі мастак-краязнаўца Эдуард  Мацюшонак сказаў пра вартасць такіх творчых  сустрэч для грунтоўнага ўмацавання патрыятычнага выхавання нашых землякоў.

Потым мастакі правялі творчы майстар-клас. Паказалі свае свежыя эцюды з архітэктурным асяроддзем Вілейкі, якія яны паспелі намаляваць да адкрыцця выставы, а таксама прадэманстравалі, як трэба маляваць партрэты і нацюрморты з натуры.

Трэба сказаць, што такое творчае свята ніколі не забудзецца і будзе мець свой працяг. Бо мастакі суполкі “Абуджэнне” маюць намер яшчэ не раз наладжваць творчыя сустрэчы з зацікаўленымі і шматлікімі вілейскімі гледачамі.     

Выстава “Вілейскія далягляды” будзе працаваць на працягу месяца.