Рэйд міліцыі па пошуку наркаманаў 28 студзеня скончыўся складаннем дакументаў у пракуратуру з інфармацыяй аб антысанітарных умовах і ўжывання спіртных напояў у кампутарным клубе “Бункер”.

Клуб знаходзіцца ў падвале будынка на вуліцы Вялікі Гасцінец, 121.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў маёр міліцыі Сяргей Шытыка распавёў:

– Мы правяралі інтэрнаты навучальных устаноў горада. Шукалі падлеткаў-наркаманаў. Зайшлі ў відэасалон на Вялікім Гасцінцы, 121. Была інфармацыя, што непаўналетнія падчас прагляду фільмаў п’юць піва. У гэты вечар інфармацыя не пацвердзілася, затое мы спусціліся ў камп’ютарны клуб “Бункер”, што ў падвале гэтага будынка, і спалохаліся.

Гаспадар клуба, ён жа адміністратар, – 55-гадовы індывідуальны прадпрымальнік. У момант, калі міліцыянеры зайшлі ў клуб, гаспадара на месцы не было.

Па словах Сяргея Шытыкі, пад сталом адміністратара супрацоўнікі міліцыі ўбачылі бутэлькі з-пад гарэлкі.

За камп’ютарамі гулялі два 19-гадовыя хлопцы. Побач з імі – бутэлькі з півам. Хлопцы паводзілі сябе шумна, лаяліся.

– Зайшлі ў туалет. Але туды наогул лепш не заходзіць, – распавядае Сяргей Шытыкі. – Такой антысанітарыі я не бачыў даўно. Неўзабаве вярнуўся сам гаспадар клуба. Цвярозы. Але з гарэлкай і цыгарэтамі ў пакеце.

Пракурору і старшыні раённага выканаўчага камітэта міліцыя накіравала дакументы з вынікамі праверкі камп’ютэрнага клуба “Бункер”.

Па словах Сяргея Шытыкі, можа быць прынята рашэнне аб яго закрыцці.