Вынікі ХVIII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” падвялі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 24 студзеня 2015 года.

На конкурс было прадстаўлена больш за 500 работ навучэнцаў, выкананых у розных мастацкіх тэхніках. Сярод іх журы адзначыла высокі ўзровень выканання, цікавы падыход, разнастайнасць матэрыялаў і вызначыла 22 пераможцы і 43 прызёры ў 10 намінацыях. Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “выцінанка” атрымалі і ўдзельнікі аб’яднання “Народныя крыніцы” Маладзечанскага цэнтра твочасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.

Вобраз “Каляднага Дрэва” для конкурснай работы быў абраны невыпадкова. Малюнкі з выявай Дрэва Жыцця маюцца амаль ва ўсіх старажытных народаў і сустракаюцца ў розных культурах: у старажытнай Еўропе, Ізраілі, Кітаі, дакалумбавай Амерыцы, Месапатаміі, а таксама і ў нашай.

Дуб – адно з найбольш шанаваных дрэваў у беларусаў і іншых індаеўрапейскіх народаў, свяшчэннае дрэва – мадэль свету, сімвал вечнага жыцця. Займаючы першае месца ў традыцыйнай абраднасці, дуб сімвалічна ўвасабляў моц, сілу, мужчынскі пачатак. Менавіта вобраз дуба  ўвасобілі ў выцінанцы навучэнкі аб’яднання.

У нашым горадзе існуе школа выцінанкі са сваімі ўласнымі мастацкімі асаблівасцямі, закладзеная вядомым майстрам Вікторыяй Чырвонцавай. Адраджэнне, вывучэнне і зберажэнне мастацкай спадчыны нашых продкаў, развіццё прынцыпаў народнага мастацтва, перадача падрастаючаму пакаленню – асноўная задача навучання аб’яднання па інтарэсах “Народныя крыніцы”. Менавіта таму навучэнцы гуртка – неаднаразовыя пераможцы рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па выцінанцы і саломапляценню, выстаў, святаў народнага мастацтва ў рэспубліцы і за яе межамі.