Спосабамі эканоміі падзялілася чытачка “Рэгіянальнай газеты” Марыя Нелюб. Жанчына эканоміць электраэнергію на светадыёдных лямпачках.

А своечасовы рамонт ці  замена кранаў дапамагае зберагчы ваду. Такім чынам Марыя думае не толькі пра свой кашалёк, але і пра навакольнае асяроддзе.

– Не магу сказаць, што я эканомная, – так пачала ліст жанчына. – Ды і што гэта за жыццё, калі ты ўва многім сабе адмаўляеш. Але ёсць тое, на што я звяртаю асаблівую ўвагу.

З кранаў не ліецца вада без патрэбы

Чытачка заўважае, колькі затрачваецца, каб ачысціць і падаць ваду ў кватэру. А на падагрэў яе колькі дадаткова расходуецца энергіі. Калі падумаць пра сусветны маштаб, то ці не ад гэтага і глабальнае пацяпленне. Таму жанчына своечасова рамантуе ці замяняе краны і эканомна расходуе ваду. 

Марыя расказвае, што ў вядомай амерыканскай газеце амаль у кожным нумары ёсць артыкулы, якія расказваюць пра беражлівасць. Гэта дае свае вынікі. Яна гаворыць, што было б добра, каб і ў мясцовых газетах былі такія парады.

Камбінуем святло – эканомім электраэнергію

– Істотна эканомяць электраэнергію святлодыёдныя лямпачкі, якія спажываюць 7 ці 12 ват, – адзначае Марыя Нелюб. – У  трохражковую люстру на кухні я ўкруціла дзве энергазберагальныя лямпачкі па сем ват і адну на 60 ват – хапае святла. У зале ў пяціражковую люстру ўкручаныя тры энергазберагальныя і дзве на 60 ват. Можна ўключаць усе ражкі, а можна тры – і святла дастаткова, і эканомія істотная.

Таксама чытачка расказвае, калі ў кватэры ёсць і бра, і таршэр, і настольныя лямпы, то святло можна камбінаваць. Тады эканомія большая.

Заказвае лямпачкі з Кітая

Таксама жанчына эканоміць на лямпачках. У магазінах яны вельмі дарагія, таму яна заказала іх праз інтэрнэт з Кітая. Дастаўка адтуль бясплатная, таму адна лямпачка абышлася ў 20 тысяч рублёў.

Сваімі спосабамі эканоміі грошай вы можаце падзяліцца праз электронную пошту regionnews@rh.by альбо даслаць ліст у рэдакцыю.

На скідках можна зэканоміць каля 500 тысяч рублёў за год