Да самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы далучыўся Астравец. Першыя заняткі прайшлі тут 4 лютага, іх правялі вядоўцы мінскіх курсаў Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.

У далейшым весці курсы будуць настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Вольга Лябецкая і журналістка Алёна Гануліч. Гімназія, дзе будуць праходзіць курсы, зусім новая – яна адкрылася 12 студзеня. Кабінеты і памяшканні шыкоўна абсталяваныя тэхнікай.

На першых занятках прысутнічалі жыхары Астраўца і навакольных вёсак. Гасцей прывітала дырэктар гімназіі Алена Севасцьян.

На занятках слухачы даведаліся пра беларускія формы сваіх імёнаў, абмеркавалі безэквівалентную беларускую лексіку, патрэніраваліся ў чытанні хуткамовак, успомнілі беларускія назвы сваякоў. У канцы ўсіх чакаў музычны падарунак – выступ саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Сержука Доўгушава.

Наступныя заняткі курсаў адбудуцца у сераду, 11 лютага, а 18-й гадзіне ў будынку гімназіі (на ўваходзе падкажуць, у якім канкрэтна памяшканні).

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Паводле movananova.by.